Хто заменіць Шушкевіча? У Менску праходзіць зьезд «Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады»

Станіслаў Шушкевіч

9 верасня ў Мінску праходзіць справаздачна-выбарчы зьезд партыі «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада»

Пачынаецца зьезд БСДГ

​На зьезьдзе будзе абраны новы лідэр партыі. Станіслаў Шушкевіч, які ачольвае партыю з 1998 года, заявіў, што ня будзе зноў балятавацца на пасаду старшыні партыі па прычыне сталага ўзросту — яму 83 гады.

У зьезьдзе бяруць удзел 44 дэлегаты.

Зьезд пачаўся з прывітаньня па гучнай сувязі старшыні БСДГ Станіслава Шушкевіча, які знаходзіцца ў шпіталі. Ён пажадаў зьезду плённай працы і выказаў шкадаваньне, што ня можа прысутнічаць на форуме і спадзяваньне, што новае кіраўніцтва будзе абранае дэмакратычным шляхам.

На пачатку зьезду Сяргей Чарачэнь прапанаваў прыняць зьмены ў партыйнай сымболіцы. Лягатып БСДГ — «кулак рабочага клясу», які трымае ружу. На яго думку, трэба ўнесьці сучасны погляд на сымболіку, бо яна састарэла і зьяўляецца агрэсыўнай. Сымбаль усясьветнай сацыял-дэмакратыі — чырвоная ружа — выклікаў вострую дыскусію дэлегатаў зьезду. Кропку ў спрэчцы паставіў паэт Сяргей Законьнікаў — ружу пакінуць, а надпіс «з любоўю да Беларусі» прыбраць.

Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада была зарэгістраваная ў 1996 годзе. З 1998 года яе ўзначальвае Станіслаў Шушкевіч — старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня.