Падазраваныя ў атручэньні Скрыпалёў расказалі журналістам, што яны рабілі ў Солсбэры

Тэлеканал RT паказаў у прамым эфіры фрагмэнт інтэрвію з двума мужчынамі, якія прадставіліся як «Аляксандр Пятроў» і «Руслан Башыраў» — людзей з такімі імёнамі сьледзтва ў Вялікабрытаніі раней абвінавацілі ў атручэньні ў Солсбэры Сяргея Скрыпаля і яго дачкі Юліі.

Галоўны рэдактар RT Маргарыта Сыманьян, якая і ўзяла інтэрвію, раней напісала, што гэтыя людзі самі патэлефанавалі ёй — у той жа дзень, калі расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін заявіў, што ўладам вядома, хто такія Башыраў і Пятроў, і што яны не зьяўляюцца супрацоўнікамі спэцслужбаў, і ў іх дзеяньнях не было крыміналу.

На пытаньне Сыманьян «Хто вы такія?» двое мужчын адказалі, што адзін зь іх — Пятроў, а другі — Башыраў.

На пытаньне аб тым, што яны рабілі ў Солсбэры, абодва адказалі, што езьдзілі туды як турысты паглядзець на катэдральны сабор.

Яны таксама заявілі, што пасьля абвінавачаньняў з боку Брытаніі іх жыцьцё ператварылася ў кашмар.

Цалкам інтэрвію RT абяцае паказаць пазьней.