Магілёўскія ўлады адмовіліся ўшанаваць памяць паўстаньня 1661 году, бо «ратуша ўжо ня тая»

Магілёўская ратуша, архіўнае фота

Намесьніца начальніка ўпраўленьня культуры Магілёўскага гарвыканкаму Марына Клепчукова дала адмоўны адказ на пэтыцыю з прапановай усталяваць памятную шыльду аб паўстаньні 1 лютага 1661 году на гарадзкой ратушы.

Магілёўскае паўстаньне адбылося ў час вайны Расеі з Рэччу Паспалітай: жыхары акупаванага расейцамі гораду за некалькі гадзінаў зьнішчылі шматтысячны гарнізон і вызвалілі Магілёў. За паўстаньне горад атрымаў ад караля Яна Казіміра Вазы Магдэбурскае права (адабранае ў 1654-м пасьля таго, як маскоўцы занялі горад бяз бою) і новы герб, найбольш актыўныя ўдзельнікі паўстаньня атрымалі шляхецтва.

У пэтыцыі пісалі, што «ушанаваньне памяці аб паўстаньні будзе спрыяць росту патрыятызму і гонару магілёўцаў, а таксама патрыятычнаму выхаваньню новага пакаленьня». Яны прапаноўвалі ўсталяваць мэмарыяльную шыльду «на месцы пачатку паўстаньня» — на будынку Магілёўскай ратушы.

Прадстаўніца гарвыканкаму Марына Клепчукова адказала на гэта, што прапанова «гістарычна неабгрунтаваная», бо «ратуша, пра якую вядзецца гаворка […], ня мае непасрэднага дачыненьня да сучаснай ратушы, акрамя агульнай пераемнасьці». Колішняя драўляная ратуша, піша яна, у 1664 годзе згарэла, дый была не на тым месцы, дзе сучасная (на месцы старой цяпер дом №8 па вуліцы Першамайскай).

Іншых варыянтаў ушанаваньня паўстаньня яна не прапанавала.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Магілёве побач знаходзяцца парэшткі маскоўскіх стральцоў-акупантаў, мірных гараджанаў і ахвяраў НКВД
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Магілёве вырашылі назваць адну вуліцу Магдэбурскай, але Ленінскую пераймяноўваць ня хочуць

Пры гэтым менш за месяц таму ў Магілёве насупраць ратушы паставілі памятны знак стаўцы расейскага імпэратара Мікалая ІІ. Апошні расейскі самаўладца камандаваў з Магілёву сваімі войскамі ў Першую сусьветную вайну.

Думкі экспэртаў, якія абмяркоўвалі ініцыятыву гарвыканкаму, падзяліліся. Адны настойвалі, што ініцыятыва чыноўнікаў скіраваная не на ўвекавечваньне расейскага самаўладцы, а на адзначэньне гістарычнага факту, што стаўка месьцілася якраз у Магілёве. Гучалі меркаваньні, што памятны знак варта разглядаць як кампрамісны варыянт помніка Мікалаю ІІ.

Іншыя трымаліся пазыцыі, што ўшаноўваць варта найперш падзеі і асобаў зь беларускай гісторыі, якія мацуюць беларускую дзяржаўнасьць і нацыянальную сьвядомасьць грамадзянаў краіны. У 2009 годзе ў горадзе нават зьбіраліся паставіць бюст Мікалая ІІ, ды ў выніку яго перадалі ў музэй.