Затрымалі жывадзёра. «Судзіць у Расеі, а пасьля накіраваць у беларускую лякарню»

Ілюстрацыйнае фота

Дваіх падазраваных у «жорсткім абыходжаньні з жывёламі» затрымалі 14 верасьня ў расейскім Рэўтаве, што ў Падмаскоўі.​

Што адбылося?

На пачатку верасьня Сьледчы камітэт абвясьціў у вышук раней судзімага мазырчука 1990 году нараджэньня. Яго абвінавачваюць у жорсткім абыходжаньні з жывёламі.

Ці гэта жывадзёр з Мазыра?

Паводле Міністэрства ўнутраных спраў Расеі, затрымалі 22-дзяўчыну і 28-гадовага мужчыну, які раней быў асуджаны за аналягічнае злачынства і знаходзіўся ў міжнародным вышуку. Мера ўтрыманьня затрыманых вызначаецца. 3 верасьня ў Расеі супраць яго завялі крымінальную справу.

Расейскі «Телеканал 360» піша, што затрыманы грамадзянін Беларусі і што даў першыя паказаньні:

  • Мае дома ката, зь якога ня зьдзекуецца;
  • У 9 гадоў яго пакусаў сабака, «спрабаваў загрызьці»;
  • Стаіць на ўліку ў міліцыі і псыхіятрычным дыспансэры;
  • 5 гадоў прымусова лячыўся ў псыхіятрычным шпіталі;
  • У Маскву прыехаў 29 жніўня.

Апэратыўна атрымаць камэнтар Сьледчага камітэту Беларусі не ўдалося.

Што кажуць абаронцы жывёлаў?

Маскоўскі заавалянтэр Васіль Малышаў знайшоў ў сацсетках падазраваных у «жорсткім абыходжаньні з жывёламі». Цяпер яны выдаленыя. Малышаў не разумее, чаму 28-гадовага мазырчука выпусьцілі з псыхіятрычнага шпіталю і прызналі здаровым.

«Я мяркую, трэба судзіць у Расеі, а пасьля накіраваць у беларускую лякарню закрытага тыпу, дзе ён знаходзіўся раней», — сказаў Свабодзе Малышаў.

Што важна ведаць пра мазырскага жывадзёра

  • У жніўні ў міліцыю зьвярнулася жыхарка Мазыра — прадстаўніца мясцовых абаронцаў жывёлаў. Яна паведаміла, што ў горадзе можа пражываць чалавек, які мае дачыненьне да стварэньня відэаролікаў у інтэрнэце пра жорсткае абыходжаньне з жывёламі.
  • Сьледчы камітэт завеў супраць яго крымінальную справу паводле ч.2 арт. 339/1 КК «Жорсткае абыходжаньне з жывёламі» і абвясьціў у вышук.
  • У злачынствах супраць жывёлаў мазырчука падазраюць і ў Расеі. Паводле арт. 245 КК РФ яму пагражае да 5 гадоў турмы.
  • Больш за 1800 подпісаў сабрала пэтыцыя аб узмацненьні пакараньня за «жорсткае абыходжаньне з жывёламі».