1993. Шушкевіч: Прашу адключыць мікрафон!

Працягваем публікацыю фрагмэнтаў кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста трэці», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе».

Замовіць кнігу можна тут

Са Станіславам Шушкевічам мы нарадзіліся ў адзін дзень — праўда, з розьніцай у 27 гадоў. Роўна столькі, колькі цяпер, калі я пішу гэтыя радкі, спаўняецца незалежнасьці Беларусі. Нібыта і больш за чвэрць стагодзьдзя, а адчуваньне — імгненьне праляцела.

На кожным этапе палітычнай кар’еры Шушкевіча падтрымліваў Беларускі Народны Фронт. Прычым гэтая падтрымка была вызначальнай: безь яе ён ня стаў бы ні дэпутатам, ні віцэ-сьпікерам, ні старшынём парлямэнту.

Пры гэтым мы атрымалі зусім ня тое, на што разьлічвалі.

З аднаго боку, Шушкевіч істотна паспрыяў таму, каб ініцыятыва БНФ аб наданьні бел-чырвона-беламу сьцягу і гербу «Пагоня» статусу дзяржаўных сымбаляў увасобілася ў рашэньне Вярхоўнага Савету. Ягоны подпіс у Віскулях пад пагадненьнямі аб ліквідацыі СССР дазволіў Беларусі стаць незалежнай дэ-факта (дэ-юрэ яна была абвешчаная незалежнай 25 жніўня 1991 году). Гэта, бясспрэчна, вельмі важныя дасягненьні Шушкевіча, якія ўпісалі ягонае імя ў гісторыю.

Але падчас красавіцкіх страйкаў 1991 году Шушкевіч стаў на бок камуністычнай намэнклятуры (ніхто не зрабіў для абяззбройваньня рабочага руху столькі, як Шушкевіч, пісалі ў тыя дні «Навіны БНФ»). У 1992 годзе ён выступіў супраць правядзеньня рэфэрэндуму аб датэрміновых выбарах, за які было сабрана больш за 440 тысяч подпісаў, не зьбіраў сэсію, якая павінна была прызначыць дату плебісцыту, і ў выніку ініцыятыва БНФ правалілася.

Гаворачы пра ўзаемаадносіны Шушкевіча з дэпутатамі, прычым розных палітычных лягераў, выкажу сьмелае меркаваньне: магчыма, выкладчыцкі досьвед парадаксальным чынам паўплываў на тое, што яму так і не ўдалося выбудаваць адносіны з дэпутатамі — ні з намэнклятурай, што было, праўда, вельмі складана, ні з апазыцыяй, што можна было зрабіць даволі лёгка.

Але для гэтага, пэўна, патрабавалася мець нейкія якасьці, якіх у яго не было. Ці прынамсі ня мець рысы характару, якая ў Шушкевічу выяўлялася на кожным кроку: мэнтарскага стаўленьня, магчыма, выпрацаванага гадамі выкладчыцкай працы. Усё ж дэпутаты — што былыя сакратары райкамаў ці генэралы, што навуковыя супрацоўнікі акадэмічных інстытутаў ці журналісты — гэта не студэнты, а людзі з вышэйшай адукацыяй і пэўнымі прафэсійнымі дасягненьнямі.

Мечыслаў Грыб, Станіслаў Шушкевіч і Ніл Гілевіч у прэзыдыюме сэсіі. Фота Ул. Сапагова

Вышэй я прыгадаў ацэнку Шушкевічам унікальнага дару Кебіча быць сваім і сярод намэнклятуры, і сярод дэмакратаў: сам жа ён мог быць чужым і для першых, і для другіх, і пры гэтым псаваць адносіны з тымі, хто да яго ставіўся вельмі прыязна (магу аднесьці і сябе да гэтай катэгорыі).

Працытую ўласныя словы, сказаныя ў траўні 1993 году аглядальніку «Звязды» Валянціну Жданко: «Кажуць, што вельмі рэдка сустракаецца талент ператвараць сваіх ворагаў ва ўласных сяброў. Калі так, то дар Станіслава Станіслававіча яшчэ больш унікальны: ён можа сваіх прыхільнікаў зь мінімумам намаганьняў настройваць супраць сябе. За тры гады ён аддаліў ледзь ня ўсіх сваіх палітычных паплечнікаў. Так, большасьць зь іх прыйшлі з Плошчы, яны не заўсёды суадносілі рэальнае з магчымым, у іх не хапала вопыту. Значыць, трэба было дапамагаць набіраць гэты вопыт, вучыць іх — гэта хоць і цяжка, але больш карысна, чым выстаўляць іх на пасьмешышча на радасьць апанэнтаў. Але заўважце, што дэпутаты Апазыцыі ў адносінах з Шушкевічам вытрымліваюць такт, я ўжо не кажу пра супадзеньне поглядаў на шэраг пытаньняў».

Прызнаюся, што гэтыя словы былі сказаныя для аднаго чытача газэты: для Шушкевіча. Я ўсё яшчэ спадзяваўся, што ён знойдзе спосаб супрацоўнічаць з дэпутатамі Апазыцыі — ці, хаця б, перастане адключаць нам мікрафоны ў Авальнай залі.

Словы «Прашу адключыць мікрафон» гучалі зь ягоных вуснаў усё часьцей, што нязьменна выклікала радасьць у нашых апанэнтаў.

Калі візыты да Кебіча па праблемах жыхароў выбарчай акругі давалі станоўчы вынік (хоць гэта яму нічога не каштавала), дык я не магу прыгадаць ніводнага выпадку, калі б я выйшаў з кабінэту Шушкевіча задаволеным ці хаця б не расчараваным. Канешне, да Шушкевіча мы зьвярталіся ня з просьбамі выдаткаваць будматэрыялы, а з палітычнымі прапановамі — і на кожную чулі адказ: «У мяне няма паўнамоцтваў», альбо варыянт — «Выносьце ў камісіі Вярхоўнага Савету», ці — «Хай вырашае Вярхоўны Савет» (запіс адной такой гутаркі ў кастрычніку 1993-га прыводжу ў гэтай кнізе).

Калі Ельцын у 1990–1992 гадах вылучыў (у тым ліку і з дэпутацкага корпусу) плеяду маладых рэфарматараў і прасунуў іх на кіруючыя пасады ва ўрадзе ці ў рэгіёнах, дык Шушкевіч ня тое што ня вылучыў нікога з маладых дэпутатаў апазыцыі на нейкія ключавыя пасады (а ён гэта мог), але і рабіў усё магчымае, каб іх «задзьвінуць». І ў гэтым, на мой погляд — вялікая гістарычная віна Шушкевіча.

Зьнішчэньне першай за дзесяцігодзьдзі плеяды незалежніцкіх палітыкаў, якія на канец кадэнцыі Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня набылі досьвед дзяржаўных дзеячоў, давяршыў Лукашэнка.