Мазырскага жывадзёра раней асудзілі за падпал праваслаўнага храма

Ілюстрацыйнае фота

Лефортаўскі раённы суд Масквы ў Расеі ўзяў пад варту жыхара Мазыра, якога абвінавачваюць у «жорсткім абыходжаньні з жывёламі». Цяпер вырашаецца пытаньне аб яго экстрадыцыі ў Беларусь, піша Сьледчы камітэт.

Што адбылося?

На пачатку верасьня Сьледчы камітэт абвясьціў у вышук раней судзімага мазырчука 1990 году нараджэньня. Яго абвінавачваюць у жорсткім абыходжаньні з жывёламі.

14 верасьня яго затрымалі ў Падмаскоўі разам з 22-гадовай грамадзянкай Расеі, якую таксама абвінавачваюць у аналягічным злачынстве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі жывадзёра. «Судзіць у Расеі, а пасьля накіраваць у беларускую лякарню»

У чым абвінавачваюць?

Паводле СК Беларусі непрацуючы мазырчук калечыў жывёлаў і запісваў гэта на відэа. Запісы пасьля зьмяшчаў у інтэрнэце. Сьледзтву вядома пра 4 такіх выпадкі.

Асудзілі за падпал царквы, прымусова лячылі

Суд Мазырскага раёну ў 2007 годзе асудзіў абвінавачанага ў жывадзёрстве на 7 гадоў калёніі за падпал праваслаўнай царквы ў Мазыры.

Яго вызвалілі ў 2012 годзе, а пасьля затрымалі за апаганьваньне двух мазырскіх храмаў. Сярод сваіх матываў мазырчук назваў варожае стаўленьне да хрысьціянства. У 2013 годзе паводле судовага рашэньня да яго ўжылі прымусовыя меры бясьпекі і лячэньня. Пасьля затрыманьня ў Расеі мазырчук казаў, што:

  • Стаіць на ўліку ў міліцыі і псыхіятрычным дыспансэры;
  • 5 гадоў прымусова лячыўся ў псыхіятрычным шпіталі.

Што важна ведаць пра мазырскага жывадзёра

  • У жніўні ў міліцыю зьвярнулася жыхарка Мазыра — прадстаўніца мясцовых абаронцаў жывёлаў. Яна паведаміла, што ў горадзе можа пражываць чалавек, які мае дачыненьне да стварэньня відэаролікаў у інтэрнэце пра жорсткае абыходжаньне з жывёламі.
  • Сьледчы камітэт завеў супраць яго крымінальную справу паводле ч.2 арт. 339/1 КК «Жорсткае абыходжаньне з жывёламі» і абвясьціў у вышук.
  • У злачынствах супраць жывёлаў мазырчука падазраюць і ў Расеі. Паводле арт. 245 КК РФ яму пагражае да 5 гадоў турмы.
  • Больш за 1800 подпісаў сабрала пэтыцыя аб узмацненьні пакараньня за «жорсткае абыходжаньне з жывёламі».