На інструкцыю па абароне беларускай мовы сабралі грошы за два дні

Ігар Случак і Аліна Нагорная

Юрыст Ігар Случак, вядомы ў інтэрнэце як «моўны інспэктар», і паліттэхноляг Аліна Нагорная падрыхтавалі да выданьня кішэнны дапаможнік для абароны моўных правоў беларусаў. На кнігу за 5 дзён трэба было сабраць 2000 рублёў, за два дні набралася ўжо 102% сумы — і збор грошай не спыняецца.

На сайце Talaka.by за сумы ад 10 рублёў прапануюць сам дапаможнік, а таксама запрашэньне на прэзэнтацыю кнігі, якая мае прайсьці 9 кастрычніка — у дзень народзінаў «моўнага інспэктара».

Пакуль кнігу плянуюць выдаць накладам у 500 асобнікаў. Калі набярэцца адчувальна больш за 2000 рублёў, «лішнія» грошы ўкладуць у дадатковы наклад, правядзеньне прэзэнтацыі або падвышэньне якасьці друку, растлумачыла Свабодзе Аліна Нагорная.

Your browser doesn’t support HTML5

Як бараніць свае моўныя правы

Як раней расказваў Свабодзе Ігар Случак, дапаможнік пісаўся ня толькі для тых, хто хоча займацца абаронай моўных правоў на пастаяннай аснове — хутчэй для тых, хто разава сутыкнуўся з дыскрымінацыяй паводле моўнай прыкметы, «каб у чалавека адразу была магчымасьць неяк адрэагаваць». Маўляў, гэта не «дапаможнік моўнага інспэктара», а кніга для беларускамоўнага, які хоча абараніць свае правы, напісаная простай мовай і выдадзеная ў кампактным фармаце.

Кніга зьмяшчае парады і інструкцыі на розныя выпадкі, напрыклад калі чалавека абразілі за ўжываньне беларускай мовы або калі не хапае нейкага дакумэнту па-беларуску. Законных спосабаў абараніць моўныя правы, дадае Случак, дастаткова — «трэба проста ўмець імі карыстацца».

Ня ўсе моманты ў заканадаўстве прапрацаваныя (хоць замацавана, што ёсьць дзьве дзяржаўныя мовы, не пазначана, дзе і як кожная зь іх мусіць выкарыстоўвацца), але ёсьць законныя магчымасьці вырашыць ці ня кожную спрэчку, адзначае ён. Напрыклад, калі няма беларускамоўных блянкаў, нельга прымусіць запаўняць іх на расейскай мове — застаецца права запоўніць расейскамоўныя блянкі на беларускай. Або калі беларус удзельнічае ў судовым працэсе, ён мае магчымасьць выступаць на сваёй роднай мове і выклікаць перакладчыка.

Случак адзначае, што з большай часткай магчымых выпадкаў дыскрымінацыі беларускай мовы ён сутыкаўся ў сваёй практыцы, але ў кнізе будуць апісаныя і «тэарэтычна магчымыя» выпадкі і «нячастыя схемы» — напрыклад, як прымусіць чыноўніка адказваць вусна на вусны зварот.

Збор на кнігу быў абвешчаны тэрміновым, бо Случак і Нагорная хочуць яе выдаць да 9 кастрычніка, а ў сайта Talaka.by зьявіліся часовыя тэхнічныя абмежаваньні ў сувязі зь пераходам на іншую тэхнічную плятформу. Акрамя таго, кажа Случак, хочацца праверыць, наколькі беларускае грамадзтва зацікаўленае ў абароне сваіх правоў, бо «лайкі на Фэйсбуку гэта адно, а так вось далучыцца да справы — ужо іншае».