У Берасьці затрымалі праціўніка будаўніцтва акумулятарнага заводу

Мітынг «Берасьцейцы супраць сьвінцу», красавік 2018

Праціўніка будаўніцтва акумулятарнага заводу пад Берасьцем затрымалі 5 кастрычніка, піша БелаПАН.

Як паведаміў праваабаронца Раман Кісьляк, на затрыманага склалі пратакол за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі і да суду зьмясьцілі ў ізалятары часовага ўтрыманьня.

Канстанцін Астапук не палітычны актывіст, ён выступае супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу, які ў будучыні можа нанесьці шкоду здароўю берасьцейцаў.​

Раней Астапук распавёў Свабодзе, што за працяг пратэстаў яму пагражаў турмой намесьнік начальніка Ленінскага РАУС Берасьця Мікалай Самасюк.

Канстанціна Астапука ​ўжо затрымлівалі 30 верасьня ​пасьля збору праціўнікаў акумулятарнага заводу на цэнтральнай плошчы Берасьця. Разам зь ім затрымалі блогера Сяргея Пятрухіна. Каля сутак берасьцеец правёў у ізалятары. 4 кастрычніка Астапука аштрафавалі на 343 рублі, Пятрухіна — на 1225 рублёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Берасьцейцам не ўдалося спыніць будаўніцтва акумулятарнага заводу праз суд