Будаўнічыя работы ў Курапатах, спрэчка архітэктараў і чыноўнікаў з актывістамі. ВІДЭА

Будаўнікі ў Курапатах 16 кастрычніка

Абноўлена: Падчас трансьляцыі была затрыманая журналістка Вольга Чайчыц — міліцыянты западозрылі яе ў «незаконным вырабе прадукцыі СМІ» за працу на тэлеканал «Белсат».

З раніцы 15 кастрычніка ў Курапатах пачала працаваць будаўнічая тэхніка: экскаватар, пагрузчык і два самазвалы. Работы ішлі на крыжовай алеі.

​Экскаватары выкапалі траншэю для адводу вады і зьбіраюцца будаваць дарожку да Галгофы. Будаўнікі пракапалі каля ста мэтраў траншэі і запоўнілі зямлёй адзін з самазвалаў, але далейшыя работы давялося спыніць — на шляху тэхнікі сталі абаронцы Курапатаў. У выніку дамовіліся, што далейшая праца будуць весьціся ўручную пад наглядам архэолягаў.

Раніцай 16 кастрычніка ў Курапатах тэхніка вярнулася, але прыйшлі і актывісты, і аўтары праекту дзяржаўнага помніка, і чыноўнікі Міністэрства культуры і дзяржаўнай Фэдэрацыі прафсаюзаў, якая ёсьць замоўнікам мэмарыяльнага знаку. Свабода вяла жывую трансьляцыю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўтары праекту дзяржаўнага мэмарыялу прыйшлі ў Курапаты і растлумачылі сваю пазыцыю. ВІДЭА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Археоляг: раскопкі ў Курапатах будуць на пляцоўцы 3 на 3 мэтры, да 2 мэтраў у глыбіню

Супраціў як штуршок да афіцыйнага мэмарыялу ў Курапатах

У лютым 2017 году на вуліцы Мірашнічэнкі, якая мяжуе з ахоўнай зонай Курапатаў, паўстаў кругласутачны лягер супраць будаўніцтва тут офіснага цэнтру. Дзякуючы неабыякавым людзям урочышча ўдалося абараніць ад камэрцыялізацыі.

Неўзабаве курапацкая тэма знайшла працяг на дзяржаўным узроўні. У рэдакцыі газэты «Советская Белоруссия» прайшоў круглы стол пад назвай «Гісторыя, якая павінна нас аб’ядноўваць», а празь нейкі час Аляксандар Лукашэнка заявіў, што неўзабаве ў Курапатах створаць мэмарыяльны комплекс. Праўда, да «комплексу» справа не дайшла, летась у сакавіку Міністэрства культуры абвясьціла конкурс на «памятны знак».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Безыменны і безадносны да часу». Абаронцы Курапатаў пра мэмарыяльны знак, выбраны Міністэрствам культуры
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Каб не было новых канфліктаў і боек». Грамадзкая дырэкцыя Курапатаў згодная на афіцыйны помнік, але ў іншым месцы

Амаль год не было ніякіх зрухаў, хоць ініцыятар удзелу дзяржавы ў мэмарыялізацыі Курапатаў, тагачасны галоўны рэдактар газэты «СБ. Беларусь сегодня» Павал Якубовіч абяцаў, што на ўсіх этапах будуць далучаныя прадстаўнікі грамадзкасьці, якія доўгія гады апекаваліся Курапатамі. Насуперак заявам, працэс адбору прэтэндэнтаў і вызначэньня лепшых работ прайшоў кулюарна.

У чэрвені 2018 году журы на чале з рэктарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаілам Баразной абнародавала тры эскізныя праекты, адабраныя ў фінал. Выбар праектаў адбываўся без удзелу грамадзкасьці. У жніўні быўвызначаны пераможца — праект скульптараў Вольгі Нячай і Сяргея Аганава, архітэктараў Марыі Маркаўцовай і Вольгі Ярмолінай, які ў народзе ўжо назвалі «прышчэпкай».