Нарвэгія выбачылася перад жанчынамі, якія ўступалі ў сувязь з салдатамі Рэйху

Будынак нарвэскага парлямэнту

Улады Нарвэгіі папрасілі прабачэньня за ганеньні, якім пасьля Другой сусьветнай вайны падвергліся нарвэскія жанчыны, якія ўступалі ў сувязь з салдатамі арміі нацыстоўскай Нямеччыны. Адпаведную заяву зрабіла прэм’ер-міністар краіны Эрна Сольбэрга.

Пасьля ўварваньня германскіх войскаў у Нарвэгію ў красавіку 1940-га году прапагандысцкі апарат у Бэрліне рэкамэндаваў вайскоўцам вэрмахту ўступаць у інтымныя адносіны зь мясцовымі жыхаркамі дзеля нараджэньня нашчадкаў. Гэта рабілася ў рамках гітлераўскага праекту «пашырэньня арыйскай расы», які адводзіў Нарвэгіі прыярытэтную ролю. Паводле некаторых дадзеных, у выніку такіх саюзаў нарадзіліся каля 12 тысяч дзяцей.

Лічыцца, што каля 50 тысяч нарвэскіх дзяўчат уступілі ў сэксуальную сувязь з салдатамі Трэцяга рэйху. Усе яны «сталі ахвярамі недастойнага абыходжаньня» пасьля заканчэньня вайны, прызнала Сольбэрга падчас выступу на мерапрыемстве, прысьвечаным 70-годзьдзю Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека. Яна падкрэсьліла, што ў дачыненьні да гэтай катэгорыі нарвэскіх жанчын быў парушаны галоўны прынцып, згодна зь якім ніхто ня можа быць асуджаны без суда і сьледзтва.

Кіраўнік Цэнтру вывучэньня Галакосту Хуры Хельнтнэс назвала прынесеныя прабачэньні «доўгачаканым крокам».

У 2001-м годзе 150 дзяцей, якія нарадзіліся ад нарвэска-нямецкіх пар, спрабавалі дамагчыся ад Осла кампэнсацыяў за дыскрымінацыю на адрас іх бацькоў. Эўрапейскі суд адхіліў іх скаргі, спаслаўшыся на тое, што ад моманту меркаваных правапарушэньняў прайшло занадта шмат часу.