Сустракаў Статкевіча з «сутак». У Берасьці затрымалі праціўніка акумулятарнага заводу

Пратэст супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці, 14 кастрычніка

Актывіста грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Андрэя Шарэнду затрымалі ў Берасьці 19 кастрычніка, каля пад’езду ягонага дома. Удзень актывіст хадзіў сустракаць палітыка Міколу Статкевіча, якога вызвалілі пасьля 5 дзён арышту ў ізалятары часовага ўтрыманьня.

Жонка затрыманага Паліна Шарэнда-Панасюк паведаміла БелаПАН, што «супрацоўнікі міліцыі ў цывільным» з раніцы дзяжурылі каля пад’езду. Актывіста затрымалі на падставе арт. 23.34 КаАП «Парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў». Да суду Шарэнда будзе знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня.

14 кастрычніка Статкевіч і Шарэнда ўдзельнічалі ў акцыі супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу на плошчы Леніна ў Берасьці. Усяго ў акцыі ўзялі ўдзел больш за 120 чалавек.

Падчас акцыі было затрымана каля 15 чалавек. Міколу Статкевічу і берасьцейскім блогерам Сяргею Пятрухіну і Аляксандру Кабанаву прысудзілі па 5 сутак арышту. Але Статкевіча накіравалі ў ізалятар адразу, а блогераў адправілі адбываць пакараньне толькі 18 кастрычніка.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем

  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
  • У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
  • 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
  • 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
  • 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.