Расея пагражае ЗША контразахадамі за намер выйсьці з дамовы аб ракетах 

Асьвячэньне расейскіх ракетаў сярэдняй далёкасьці „Трыюмф“ у анэксаваным Крыме

Міністэрства замежных спраў Расеі назвала «шантажом» заяву прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа пра намер выйсьці з Дамовы аб ракетах сярэдняй і малой далёкасьці. Вашынгтон абвінаваціў Маскву ў парушэньні міжнародных пагадненьняў.

У расейскім дыпляматычным ведамстве абвінавачваньні назвалі «надуманымі» і прыгразілі мерамі ў адказ, у тым ліку вайскова-тэхнічнага характару, паведамляе «РИА Новости».

Напярэдадні кіраўнік Белага дому падкрэсьліў, што Расея парушыла Дамову аб ракетах сярэдняй і малой далёкасьці. Дакумэнт, падпісаны ў 1987 годзе, забараняў Злучаным Штатам і СССР (правапераемніцай якога лічыць сябе Расея) захоўваць, вырабляць і выпрабоўваць крылатыя ракеты наземнага базаваньня з радыюсам дзеяньня ад 300 да 3 400 міляў.

ЗША і раней абвінавачвалі Расею ў распрацоўцы ракетных сыстэмаў, якія парушаюць дамову. У пачатку кастрычніка амбасадар ЗША ў НАТО Кей Бэйлі-Хатчынсан папярэджвала, што яе краіна мае намер прэвэнтыўна нэўтралізоўваць расейскую ракетную зброю, створаную ў парушэньне дамовы.

Летась амэрыканская адміністрацыя паведамляла, што распрацуе ўласныя ракетныя сыстэмы наземнага базаваньня, калі Расея ня спыніць парушаць пункты дамовы. Пазьней паведамлялася пра вылучэньне Пэнтагону сродкаў на гэтыя мэты. Адзначалася, што зброя перадусім прызначаецца для прарыву перадавых расейскіх сыстэмаў СПА і паражэньня ўмацаваных камандных цэнтраў.