У Грузіі выбіраюць ужо пятага прэзыдэнта. Што было з папярэднімі чатырма. ВІДЭА

Сёньня Грузія выбірае свайго пятага прэзыдэнта. Яго роля, згодна са зьмененай Канстытуцыяй, ужо не такая значная, як яго папярэднікаў. Парлямэнцкая рэспубліка канчаткова зьмяняе моцную прэзыдэнцкую мадэль. Рэформа Канстытуцыі, задуманая Міхэілам Саакашвілі, была выкарыстаная і дапоўненая мільярдэрам Бідзінам Іванішвілі для выбудоўваньня сваёй «вэртыкалі ўлады», дзе функцыі прэзыдэнта зьведзеныя да мінімуму.

Першыя тры прэзыдэнты постсавецкай незалежнай Грузіі аказвалі на краіну велізарны ўплыў. Іхныя рашэньні вызначалі лёсы сотняў тысяч і мільёнаў людзей. Ім давялося плаціць за свае шматлікія памылкі — жыцьцём (Гамсахурдыя), ізаляцыяй (Шэварднадзэ), выгнаньнем (Саакашвілі).

Для Гамсахурдыя пераўтварэньне зь лідэра нацыянальна-вызвольнага руху ў аўтарытарнага кіраўніка, пры якім пачалася вайна ў Паўднёвай Асэтыі і які страціў уладу ў выніку вайсковага перавароту, а потым і жыцьцё, заняло ўсяго некалькі гадоў.

На зьмену яму прыйшоў былы міністар замежных справаў СССР Эдуард Шэварднадзэ, які ўзначаліў Дзяржаўную раду, а ў выніку вайны страціў кантроль над Абхазіяй. Беднасьць і карупцыя — сынонімы «эпохі Шэварднадзэ». Ён доўга трымаўся за ўладу, але яго зрынулі ў выніку Рэвалюцыі ружаў.

Трэці прэзыдэнт Грузіі — чалавек, зь якім зьвязваў свае надзеі вельмі шмат хто ў краіне. Малады рэфарматар, чыіх дасягненьняў не адмаўляюць нават яго лютыя ворагі, здолеў бяскроўна вярнуць кантроль над Аджарыяй. Аднак напружанасьць у дачыненьнях з Масквой пры ім скончылася поўнамаштабнай вайной, расейскім прызнаньнем Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Ваенная параза, аўтарытарны стыль кіраваньня, парушэньні правоў чалавека завяршыліся для Саакашвілі ня толькі паразай на выбарах, але і крымінальнымі справамі, якія не даюць яму сёньня вярнуцца на радзіму.

Толькі апошняму, чацьвёртаму прэзыдэнту Гіёргі Маргвэлашвілі, мяркуючы з усяго, удалося ўнікнуць цяжкога лёсу папярэднікаў. Але яго ўплыў на палітыку дзяржавы быў хутчэй сымбалічным. Нефармальным кіраўніком Грузіі большую частку пэрыяду прэзыдэнцтва Маргвэлашвілі быў Іванішвілі. Незадоўга да цяперашніх выбараў Іванішвілі «выйшаў зь ценю», узначаліўшы «Грузінскую мару», якая мае канстытуцыйную бальшыню.

Будучы прэзыдэнт Грузіі будзе выконваць фактычна толькі цырыманіяльную функцыю. Сапраўдным кіраўніком краіны ёсьць старшыня галоўнай палітычнай сілы — партыі «Грузінская мара», тэрмін паўнамоцтваў якой вызначаюць вынікі парлямэнцкіх выбараў. Такім чынам, немагчыма прадказаць, колькі гадоў будзе заставацца ва ўладзе Бідзіна Іванішвілі.

Мабыць, адзінай асаблівасьцю гэтай перадвыбарнай гонкі ёсьць тое, што прэзыдэнта выбіраюць простым усенародным галасаваньнем. Гэта не дае прэзыдэнту дадатковых паўнамоцтваў, але павышае ўзровень палітычнай легітымнасьці кіраўніка грузінскай дзяржавы. У наступным палітычным цыклі ня будзе ўжо і гэтага, прэзыдэнта будзе абіраць парлямэнт і калегія выбарнікаў.