Чаму для дэмакратыі трэба сэксуальная адукацыя. І як гэта робяць суседзі

Полька Аня Рубік страсянула кансэрватыўную радзіму гучнай кампаніяй #sexedpl. Дзякуючы ёй топ-мадэль хоча павысіць сэксуальную адукаванасьць землякоў і, разбурыўшы табу, зрабіць іх больш адказнымі. Свабода пабывала ў школе сэкс-адукацыі, якую на некалькі дзён мадэль адкрыла ў Варшаве.

Калі летась Аня Рубік задумала #sexedpl, то гэтая ініцыятыва мелася абмежавацца чатырнаццацьцю кароткімі відэаролікамі. Пасьля 10 млн праглядаў і сотняў лістоў мадэль вырашыла зрабіць больш. Так пачалася вялікая кампанія.

У верасьні Рубік выдала 200 000 асобнікаў падручніка сэксуальнай адукацыі. Напісаная лёгкай мовай пры ўдзеле шырока кола адмыслоўцаў кніга дае чытачу практычныя веды ад лекараў наконт сэксу, сьпеласьці ды інтымнага здароўя.

«Усе мы ў школах вучым тэарэму Пітагора, хаця большасьць не выкарыстоўвае яе ў жыцьці. А вось як правільна надзець прэзэрватыў, нас ніхто ў школе ня вучыць, а гэтая інфармацыя патрэбная амаль кожнаму і можа ўратаваць нашае жыцьцё», — піша Рубік у прадмове да падручніка.

Тысячу асобнікаў Рубік бясплатна перадала навучальным установам. Але, не чакаючы, пакуль настаўнікі адважацца адукоўваць дзяцей у школах, мадэль адкрыла ўласную.

Аня Рубік

Мы пабывалі ў чатырохдзённай школе ў Варшаве. Трапіць на заняткі можна было, загадзя запісаўшыся праз інтэрнэт. «Сэксуальнае здароўе і эрэкцыя на гады», «Сэксуальная самасьвядомасьць для маладых жанчын/мужчын», «Кантрацэпцыя ад А да Я», «ВІЧ/СНІД без табу», варштаты з уролягамі, пэдагогамі, гінэколягамі. Школа будзе працаваць і ў іншых польскіх гарадах. Уваход бясплатны.

«Я вырасла ў Польшчы, у краіне, дзе сэкс быў і ёсьць тэмай табу, а сэксуальная адукацыя не існуе. Большасьць падлеткаў чуе ў школе непраўдзівую інфармацыю наконт яе. Што існуе толькі адна сэксуальная арыентацыя, што каляндарык — гэта кантрацэпцыя. Увесь сьвет гаворыць пра неабходнасьць і сілу адукацыі. А мы рэдка размаўляе пра сэксуальную адукацыю», — піша Аня Рубік.

«Здымаем порна» — так называлася адна зь лекцыяў. Пабачыўшы зьдзіўленьне на нашых тварах, арганізатары патлумачылі, што ніхто насамрэч не здымае ў школе порнафільмаў. Наадварот, моладзі тлумачаць, што сэкс на такім відэа — самы сапраўдны фэйк, які навязвае маладым нерэальныя чаканьні ад свайго цела.

На занятках можна паслухаць, як зь дзецьмі трэба размаўляць пра сэкс, як рэагаваць на гамафобію і як павялічыць уласную сэксуальную сьвядомасьць.

Мы выбіраем майстар-клясы коміксу з мастачкай і ілюстратаркай Касяй Бабіс.

«Сэксуальная адукацыя наўпрост зьязаная зь якасьцю дэмакратыі»

Кася Бабіс

Дзяўчына зь Любліну ня толькі малюе коміксы, але і працуе ў гульнявой індустрыі, зьяўляецца палітычнай актывісткай. Але сёньня мы гаворым зь ёю выключна пра сэксуальную адукацыю.

— У дарослых часта праблема размаўляць пра сэкс са сваімі дзецьмі і нават паміж сабой. Форма коміксу дазваляе пазьбягаць сораму, яна дазваляе пераадолець бар’ер і дыстанцыю. Коміксы імгненна пашыраюцца ў сеціве, яны лёгкія для ўспрыняцьця, людзі ахвотна іх чытаюць. Гэтая забаўная, а часам нават іранічная форма дапамагае лепш апавядаць пра сур’ёзныя рэчы, — кажа Кася.

Гасьцям майстар-клясаў яна раіць намаляваць комікс з шасьці кадраў. На іх вучні школы павінны паказаць стэрэатыпы і забабоны, якія іх нэрвуюць. Найлепшыя працы мастачка абяцае апублікаваць на сваіх сайтах і ў сацыяльных сетках, дзе яна мае больш за 100 тысячаў прыхільнікаў.

​Ініцыятыву Ані Рубік мастачка называе фантастычнай, але лічыць, што гэта толькі кропля ў моры патрэбаў. Яна перакананая, што заняткі з сэксуальнай адукацыі павінны адбывацца ў звычайных школах, і верыць, што рэзананс вакол #sexedpl паспрыяе гэтаму.

— Такія рэчы кожны павінен ведаць, каб правільна разьвівацца. Апрача тэмаў, непасрэдна зьвязаных з сэксам, ёсьць праблемы ідэнтычнасьці, свайго цела, полу, здароўя, працы цела, сэксуальнай арыентацыі. Я лічу, што мы ідзем у слушным кірунку. Сёньня няма тых многіх забабонаў, якія я мела ў школе яшчэ 10 гадоў таму. Калі ў пэўных сфэрах мы пачнем заўважаць праблемы дыскрымінацыі, то гэта адаб’ецца і на іншых галінах жыцьця. Калі мы навучымся шанаваць адно аднаго ў гэтым кантэксьце, то гэта паўплывае на ўспрыняцьце іншых людзей і ў іншых галінах. Таму я перакананая, што сэксуальная адукацыя наўпрост зьязаная з якасьцю дэмакратыі.

«Сэксуальная адукацыя вучыць таксама, як умець адмовіцца ад сэксу»

Грайша Тэасэр

Пакуль дарослыя не заўважаюць тэму сэксуальнай адукацыі, датуль будзе ігнаравацца вельмі важная галіна жыцьця чалавека і яго здароўя, лічыць Грайша Тэасэр, удзельніца школы. Грайша ведае, што кажа. Пасьля прыезду некалькі гадоў таму ў Польшчу з Крыму яна пачала вывучаць рэабілітацыю людзей людзей з псыхічнымі разладамі і тэрапію мастацтвам.

— Сэкс і гендэр — гэта тэмы табу. Многія не ўяўляюць, як гэта ўплывае на псыхіку чалавека, яго эфэктыўнасьць на працы, на вучобе, на грамадзкія сувязі. Сэксуальная адукацыя — ня толькі пра тое, як займацца сэксам. Сэксуальная адукацыя вучыць таксама, як умець адмовіцца ад сэксу, бо мы, на жаль, усё яшчэ сутыкаемся з «культурай гвалту». Усё гэта правы чалавека, то бок наўпрост зьвязана з дэмакратыяй і свабодай асобы.

Грайша кажа, што вельмі часта асобы, якія павінны вучыць у школе сэксуальнай адукацыі, ведаюць значна менш за маладых людзей, якіх яны вучаць. Але з кожным годам людзі, на яе думку, становяцца ўсё больш адкрытымі, і сапраўдная зьмена адбудзецца тады, калі сёньняшняе маладое пакаленьне пачне вырашаць.

«У школе такі прадмет таксама патрэбны, але без перабору»

​Акрамя майстар-клясаў, у школе можна паразмаўляць з прадстаўнікамі недзяржаўных арганізацыяў і фондаў, якія папулярызуюць сэксуальную адукацыю. Пытаньне, навошта патрэбная сэксуальная адукацыя, калі людзі і безь яе разьвіваюццца тысячы гадоў, яны чуюць нярэдка.

— Рэальнасьць, у якой сёньня падрастаюць маладыя людзі, моцна адрозьніваецца ад той, у якой гадаваліся іхныя бацькі. Сёньня амаль кожнае дзіця ў 7 гадоў мае смартфон і доступ да інфармацыі, у тым ліку і пра сэкс. У школах сэксуальнай адукацыі амаль няма, таму на бацьках сёньня асноўная адказнасьць. Дзіця натуральным чынам цікавіцца сьветам, задае пытаньні. Калі бацькі не адказваюць на пытаньні пра цела, дотык, аголенасьць, то дзіця адчувае, што гэта некамфортная тэма. Сэкс — неадлучная частка нашага жыцьця. Важна, каб бацькі з наймалодшых гадоў выхоўвалі ў дзяцей разуменьне іхных правоў і ўменьне дбаць пра ўласныя межы«, — тлумачыць Аляксандра Юзэфоўска, кіраўнічка групы сэксуальных пэдагогаў «Panton».

Якія-хаця пытаньні кожны ахвотны мог задаць прадстаўнікам Фэдэрацыі на карысьць жанчын і плянаваньня сям’і, Грамадзкага камітэту ў пытаньнях СНІД, Кампаніі супраць гамафобіі, Міжнароднага таварыства студэнтаў мэдыцыны ды іншых.

Аня і Гжэгаж прыйшлі ў школу ў перадапошні дзень. Іх зацікавілі майстар-клясы «Здымаем порна», якія маюць паказаць, наколькі парнаграфія адрозьніваецца ад рэальнага сэксу.

Аня і Гжэгаж

— Я лічу, што сэксуальная адукацыя вельмі патрэбная. Ёсьць мноства хваробаў, якія перадаюцца полавым шляхам, трэба засьцерагацца. Менавіта для гэтага патрэбная сэксуальная адукацыя, — лічыць Аня.

— Некаторыя пачынаюць сэксуальнае жыцьцё нават у 15 гадоў і часам думаюць ужо пасьля таго, як нешта зробяць. Усё гэта праз брак ведаў. У школе такі прадмет таксама патрэбны, але безь перабору. Магчыма, дастаткова некалькіх гадзінаў у год, — кажа Гжэгаж.

«Сэкс — дзяржаватворчы»

А што пра сэксуальную адукацыю думае старэйшае пакаленьне? Перад сядзібай былой гімназіі ў Варшаве, дзе адбываліся заняткі #sexedpl, працуе кірмаш, дзе пажылыя людзі гандлююць садавінай, гароднінай, гарбатай.

Пан Станіслаў, ахоўнік

​— Такая адукацыя патрэбная пастаянна. Ня толькі маладым, але і старэйшым. Я ня супраць такога. У маёй маладосьці такога не было, настаўнікі тады білі па руках і па задніцы. Сёньня вельмі шмат распусты, таму дзецям трэба паказаць арыентыр.

Пані Ёанна

​— Лекцыі сэксуальнай адукацыі павінны адбывацца на вельмі высокім узроўні і зь вялікай культурай. У гэты момант сэкс вельмі абясцэніўся. А ўсё таму, што сэкс перастаў быў сямейным, а стаў вольным. Нехта нават дзяцей стаў нараджаць толькі таму, што дзякуючы ім можна атрымаць больш сацыяльнай дапамогі. Зьмяншаюцца сямейныя сувязі і давер.

Сям’я і шлюб — вельмі важныя, бо гэта пэўная стабілізацыя. Мужчыны ж, на жаль, часта робяцца некультурнымі ў сэксе, безадказнымі, перастаюць быць рыцарамі. Жанчына — гэта пол, які патрабуе апекі, разуменньня, яна фізычна слабейшая. А сёньня жанчыны ня толькі матэрыяльна дбаюць пра дзяцей, але часта і псыхічна.

Патрэбная такая сэксуальная адукацыя, якая растлумачыць, што ў жыцьці неабходная стабілізацыя — сям’я. Таму сэксуальная адукацыя вельмі важная для якасьці будучага пакаленьня, усяго народу. Калі дома няма ўзору, што мужчына — гэта апора сям’і, то нацыя будзе разгубленая. Потым з гэтага бяруцца стрэсы, зрывы, дэпрэсіі. Таму павінна быць адукацыя. Бо тады і сэкс будзе выглядаць інакш.

Пан Аляксандар, гандляр прадуктамі народнай мэдыцыны. Просіць перадаць, што кансэрватар

— Сэкс — гэта ня нешта дзіўнае або забароненае. Сэкс — дзяржаватворчы. У Польшчы мала насельніцтва, таму нам ён асабліва патрэбны. І патрэбная сэксуальная адукацыя. Важна адно — у якой форме гэта ўсё адбываецца, як мы пра гэта вучым. Я лічу, што тэма «гендэр» — гэта ўжо вычварэньне. Але ў прынцыпе я за сэксуальную адукацыю. Бо сэкс павінен быць звычайнай тэмай, а не фэтышызмам.

Пан Станіслаў доўгі час жыў Амэрыцы. Амэрыканскую сэстэму сэксуальнай адукацыі ён лічыць неідэальнай, але лепшай, чым у Польшчы.

— У іх няма тэмы табу. А ў нас гэта ўсё яшчэ нейкае цемрашальства. Ад гэтай тэмы залежыць жыцьцё чалавека, таму нельга яе ігнараваць. Пэдагогіка кажа, што першыя 10 гадоў дзіцяці вельмі часта фармуюць ягоную асобу. І калі яно замест таго, каб спакойна пра нешта даведацца, пачне шукаюць нездаровую сэнсацыю, то гэта можа адбіцца на ягоным псыхічным здароўі. Трэба, каб людзі былі адкрытыя. Дзіця ад 4 гадоў жыцьця цікавіцца сэксуальнасьцю. І трэба ім усё правільна тлумачыць, а не казаць пра буслоў і капусту. Калі ім тлумачыш, тады няма сьмеху і праблемы.

Аўтар артыкулу Дзьмітры Гурневіч чытае падручнік па сэксуальнай адукацыі