Экспэрт Усясьветнага банку: «Беларусі спатрэбіцца каля 40 гадоў, каб дагнаць Нямеччыну»

Ілюстрацыйнае фота

Адна траціна даходу на душу насельніцтва ў Нямеччыне роўная цяперашняму даходу на душу насельніцтва Беларусі. То бок пры тэмпах росту беларускай эканомікі ў сярэднім 2,5% дасягнуць цяперашняга нямецкага ўзроўню ўдасца толькі праз 40 гадоў.

Такое меркаваньне на Кастрычніцкім эканамічным форуме выказала мэнэджэр глябальнай практыкі Ўсясьветнага банку Галіна Андронава-Вінсэлет.

Эканамічны рост Беларусі павінен паскарацца, лічыць яна. Дзеля гэтага неабходна вырашыць дзьве задачы: справіцца зь неэфэктыўнасьцю ў сэктары дзяржпрадпрыемстваў і дынамічна разьвіваць прыватны сэктар.

«У 2013 годзе 7% дзяржпрадпрыемстваў былі стратныя, а праз 5 гадоў, да лета 2018 году, гэтая лічба падвоілася — цяпер 14% дзяржпрадпрыемстваў стратныя. За гэты пэрыяд пратэрмінаваная запазычанасьць гэтых прадпрыемстваў таксама падвоілася — з 4% ВУП да 10%. То бок гэта хранічныя рысы дзяржпрадпрыемстваў, якія маюць наступствы і для фінансавай сыстэмы, і для бюджэту. Гэта можа выліцца ў рост дзяржаўнага доўгу», — папярэдзіла мэнэджэрка Ўсясьветнага банку.

Яна прапанавала ўзмацніць бюджэтныя абмежаваньні для дзяржпрадпрыемстваў і спыніць крэдытаваньне ў замежнай валюце. І працягваць рэформы дзеля прыцягненьня інвэстыцый.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першы віцэ-прэм’ер Турчын паабяцаў дэкрыміналізацыю эканамічных злачынстваў

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік місіі МВФ: «У Беларусі самы марудны рост эканомікі ў рэгіёне»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўніца Эўразьвязу: У нас зь Беларусьсю рознае разуменьне рэформаў