Расея назвала свой напад на ўкраінскія караблі «правакацыяй Кіева»

Марыя Захарава

У Расеі заявілі пра «правакацыю Кіева» пасьля нападу расейскіх вайскоўцаў і памежнікаў на тры ўкраінскія караблі і захопу іх з ужываньнем агню на паразу, у выніку чаго былі паранены, па дадзеных на гэты час, шасьцёра ўкраінскіх ваенных маракоў.

У прыватнасьці, Фэдэральная служба бясьпекі Расеі, да якой належыць у гэтай краіне Пагранічная служба, заявіла, што мае «неабвержныя доказы падрыхтоўкі і правядзеньня Кіевам правакацыі сіламі ВМС Украіны ў чарнаморскай акваторыі» – але не паведаміла, што менавіта гэта за «доказы». Іх паабяцалі апублікаваць «неўзабаве».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея атакавала і захапіла ўкраінскія судны, ёсьць параненыя. Галоўнае на гэты момант

Пра «правакацыю» з боку ўлады Ўкраіны заяўляла і сьпікер Міністэрства замежных спраў Расеі Марыя Захарава. Кажучы пра прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнку і ўлады Ўкраіны, яна назвала іх «Парашэнка і ўся вулічная гопкампанія» і «бандыты зь вялікай дарогі». «І мэтады бандыцкія: спачатку правакацыя, затым сілавы ціск, а затым абвінавачваньні ў агрэсіі», – напісала яна ў фэйсбуку, але не патлумачыла, у чым, на яе думку, павінна заключацца правакацыя з украінскага боку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьявілася відэа тарану ўкраінскага буксіра. ВІДЭА

ФСБ Расеі пацьвердзіла, што ўсе тры караблі ВМС Украіны, якія, па сьцьвярджэньні расейскага боку, парушылі ў нядзелю мяжу Расеі, затрыманыя ў Чорным моры. Для іх прымусовага спыненьня ўжывалася зброя. Пра гэта паведамляе Цэнтр грамадзкіх сувязяў ФСБ, інфармуе ТАСС.