Сетка гатэляў Marriott паведаміла аб уцечцы дадзеных 500 мільёнаў кліентаў

Гатэль Marriott у Казані

Сетка гатэляў Marriott заявіла пра магчымую ўцечку пэрсанальных зьвестак 500 мільёнаў кліентаў па ўсім сьвеце. Хакеры маглі атрымаць доступ да інфармацыі яшчэ ў 2014 годзе. Пра гэта паведамляе Бі-Бі-Сі.

Выкрадзеная інфармацыя ўключала імёны гасьцей, іх паштовыя адрасы і адрасы электроннай пошты, нумары тэлефонаў і пашпартоў, а таксама тэрміны знаходжаньня ў гатэлі. Невядомыя таксама змаглі атрымаць дадзеныя крэдытных карт кліентаў гатэляў, аднак гэтая інфармацыя зашыфраваная. Хакеры атакавалі сыстэму браніраваньня сеткі гатэляў Starwood Hotels & Resorts, якая была набытая Marriott International у 2016 годзе.

Міжнародная кампанія Marriott International уключае 6080 гатэляў, якія разьмяшчаюцца ў 90 краінах сьвету. Штаб-кватэра арганізацыі знаходзіцца ў ЗША.