«Мы чорная дзірка ў абароне жывёлаў», — арганізатарка ўсебеларускага зьезду абаронцаў жывёлаў

Каардынатарка ініцыятывы «Мы з табой у адным Доме» Вольга Маёрава. Фота - Арцём Цеплякоў.

У Менску 1 сьнежня адбыўся першы ўсебеларускі зьезд абаронцаў жывёлаў. Арганізатары — грамадзянская ініцыятыва «Мы з табой у адным Доме» і грамадзкае аб’яднаньне абароны жывёл «Заасьвет». На зьезд зарэгістраваліся больш за 80 чалавек з розных гарадоў Беларусі.

Як паведаміла БелаПАН каардынатарка ініцыятывы «Мы з табой у адным Доме» Вольга Маёрава, адна з галоўных мэтаў зьезду — сабраць разам усіх абаронцаў жывёлаў Беларусі і пазнаёміцца. «Цяпер абаронцы жывёл Беларусі разьяднаныя так, як ні ў адной іншай краіне, — сказала яна. — Нават у параўнаньні з Расеяй мы знаходзімся ў вельмі дрэнным становішчы. У сутнасьці на карце сьвету мы чорная дзірка ў абароне жывёлаў».

Паводле яе, прысутным трэба дамовіцца, у якой форме абаронцы жывёл могуць супрацоўнічаць, якая для гэтага можа быць каардынацыйная пляцоўка. У пэрспэктыве, адзначыла яна, гэта можа быць сайт, нейкія чаты. «Акрамя таго, нам трэба выпрацаваць агульныя мэты і патрабаваньні, якія зоаабарончая супольнасьць выстаўляе беларускім уладам. Гэта трэба, каб нас не папракалі ў рознагалосьсі», — падкрэсьліла Маёрава.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як зьявіўся ліст Брыжыт Бардо да Аляксандра Лукашэнкі

Другая мэта першага зьезду — разгледзець існыя праблемы з абаронай жывёлаў у заканадаўчай сфэры. Па словах Маёравай, для абмеркаваньня сытуацыі, у якой сёньня знаходзіцца абарона жывёлаў у Беларусі, арганізатары запрасілі на зьезд прадстаўнікоў 7 парлямэнцкіх камісіяў, 9 міністэрстваў, удзельнікаў зоаабарончых рухаў з усёй краіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Каб у Сьвятланы Алексіевіч быў сабачка з прытулку, гэта б добра падзейнічала»

На зьезьдзе Маёрава расказала аб выніках сустрэчы абаронцаў жывёлаў з прадстаўнікамі трох парлямэнцкіх камісіяў, якая прайшла 30 лістапада. Яна адзначыла, што гэтая сустрэча — нэгатыўны досьвед дачыненьняў з заканадаўцамі. «Мы ўбачылі, што сёньняшняя сыстэма стаўленьня да жывёлаў іх задавальняе, і ўлады ня лічаць патрэбным уносіць у яе кардынальныя зьмены. Яны толькі гатовыя на нейкія прыватныя зьмены, а таксама на фінансавую падтрымку з-за мяжы, у прыватнасьці на стэрылізацыю бадзяжных сабак і катоў», — паведаміла арганізатарка зьезду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Алексіевіч пра сваіх сабак, зварот Бардо да Лукашэнкі і зьдзекі з жывёлаў

На яе думку, найважнейшыя крокі, якія беларуская дзяржава павінна зрабіць у разьвіцьці зоаабарончай сфэры, гэта, па-першае, далучэньне Беларусі да эўрапейскіх канвэнцыяў у абароне жывёлаў, як гэта зрабіла Ўкраіна. Па-другое, зьмена арт.137 Грамадзянскага кодэксу, каб зьнік статус жывёлаў як маёмасьці.

Далей гэта адмова ад раней прапанаванага праекту закону «Аб абыходжаньні з жывёламі», а распрацоўка і прыняцьце закону з улікам меркаваньня абаронцаў жывёлаў і стандартаў цывілізаванага грамадзтва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Брыжыт Бардо напісала адкрыты ліст Аляксандру Лукашэнку

Ініцыятыва, якую ўзначальвае Маёрава, наладзіла супрацу з Фондам Брыжыт Бардо, вынікам якога стаў зварот актрысы і вядомай абаронцы жывёлаў 27 лістапада да Аляксандра Лукашэнкі. У лісьце Бардо просіць кіраўніка беларускай дзяржавы прыняць неабходныя захады, каб сродкі, якія выдаткоўваюцца на адлоў і забойствы, былі накіраваныя на праграмы стэрылізацыі ў супрацоўніцтве зь мясцовымі абаронцамі жывёлаў, а таксама на прытулкі-лячэбніцы для хворых жывёлаў або жывёлаў, якім шукаюць новых гаспадароў. Таксама актрыса паведамляе, што гатовая накіраваць у Беларусь прадстаўніка свайго фонду, каб «растлумачыць і ўкараніць канцэпцыю рэгуляцыі залішняй колькасьці сабак і катоў бяз болю і пакутаў».