«Бабровіцкага стралка», які забіў міліцыянта, прызналі псыхічна хворым

На месца здарэньня прыехала некалькі дзясяткаў машын сілавікоў. 17 жніўня

Упраўленьне Сьледчага камітэту Берасьцейскай вобласьці завяршыла расьсьледаваньне справы аб забойстве ў Івацэвіцкім раёне міліцыянта і замаху на забойства яшчэ аднаго.

Як паведамілі ў Сьледчым камітэце, «комплекснай судовай псыхоляга-псыхіятрычнай экспэртызай было ўстаноўлена, што абвінавачаны пакутаваў у момант учыненьня інкрымінаваных яму дзеяньняў і пакутуе цяпер на псыхічнае расстройства».

Таму, паведамілі сьледчыя, канчатковае абвінавачаньне стралку не выстаўлялася. Крымінальная справа перададзеная пракурору для накіраваньня ў суд, які мае разгледзець пытаньне аб прымяненьні да абвінавачанага прымусовых захадаў бясьпекі і лячэньня. Да таго меркавалася, што мужчыну можа пагражаць сьмяротнае пакараньне.

Сьледчы камітэт таксама абверг інфармацыю аб тым, што ў абвінавачанага з забітым міліцыянтам да здарэньня быў канфлікт.

«У пэрыяд расьсьледаваньня крымінальнай справы ў сродках масавай інфармацыі неаднаразова зьяўляліся розныя чуткі наконт браканьерства міліцыянта і быццам бы „цкаваньня“ абвінавачанага супрацоўнікамі. У ходзе расьсьледаваньня крымінальнай справы гэтая інфармацыя была правераная, аднак свайго аб’ектыўнага пацьверджаньня не знайшла», — паведамілі ў Сьледчым камітэце.

17 жніўня ў вёсцы Бабровічы Івацэвіцкага раёну мясцовы жыхар 1961 году нараджэньня страляў з ружжа па ўчастковым інспэктару міліцыі.

Паведамлялася, што міліцыянты прыйшлі да яго з плянавай праверкай умоваў захоўваньня зброі. У выніку адзін зь міліцыянтаў быў забіты на месцы, другі атрымаў раненьні.

Стралок быў зарэгістраваны паляўнічым і меў дазвол на нашэньне і захоўваньне паляўнічай зброі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Меў канфлікт зь міліцыяй, суседзі лічылі нелюдзімым. Першыя дэталі пра стралка з Івацэвіцкага раёну
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трагедыя ў ідылічным краявідзе. Як я браў інтэрвію ў будучага забойцы з Бабровічаў