Асуджаны за бойку зь міліцыянтам Барановіч паўгода адбыў у карцэры, — сястра

Сьвятаслаў Барановіч падчас суду ў лютым 2018 году

Вязьня Наваполацкай калёніі Сьвятаслава Барановіча, асуджанага за бойку зь пераапранутым міліцыянтам падчас менскага маршу «недармаедаў» у 2017 годзе, зноў зьмясьцілі ў карцэр.

Пра гэта Свабодзе сказала сястра вязьня Натальля са спасылкай на адваката.

«У пятніцу 7 сьнежня адвакатка паехала ў калёнію і пабачылася з братам. Ён усяго тры дні як выйшаў з карцэру, быў у атрадзе, але цяпер яго зноў зьмясьцілі ў карцэр. За што, ня ведаю, але мяркую, што зноў прыдумалі нейкае парушэньне. Адзінае радуе, што, паводле адваката, Сьвятаслаў выглядае нармальна і на ўмовы ня скардзіцца. Нібыта ні ў чым іншым яго не прыціскаюць, але што амаль не выходзіць з карцэру — гэта так», — сказала Свабодзе сястра Барановіча Натальля.

Колькі сутак адбыў Барановіч у карцэры, дакладна сястра ня ведае, але кажа, што з чэрвеня ён адтуль амаль не выходзіць.

Суд за турэмнымі кратамі

7 сьнежня ў Наваполацкай калёніі меў працягнуцца суд, на якім вырашаецца пытаньне аб замене для Сьвятаслава Барановіча рэжыму ўтрыманьня на больш жорсткі. Гэтага дамагаецца адміністрацыя калёніі, спасылаючыся на тое, што Барановіч нібыта неаднаразова парушаў парадак адбыцьця пакараньня і мае шэраг спагнаньняў. Аднак паседжаньне суду не адбылося, сказала сястра вязьня Натальля.

«Суд зноў адклалі. Раней брат абскардзіў большасьць спагнаньняў, і, каб разгледзець ягоныя скаргі, адміністрацыя мусіць даць па ўсіх тлумачэньні, але спазьняецца. Паводле адваката, суд адновіцца ў студзені будучага году, дакладнай даты не паведамляюць», — кажа Натальля.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ставілі на расьцяжку, білі па нагах». Былы палітвязень Сьвятаслаў Барановіч на судзе ў калёніі расказаў пра катаваньні

Праваабаронцаў на суд не пускаюць

5 лістапада на папярэднім паседжаньні Наваполацкага гарадзкога суду, якое адбылося ў калёніі, Барановіч заявіў пра жорсткае і бесчалавечнае абыходжаньне зь ім з боку адміністрацыі калёніі. Пасьля гэтага праваабаронцы «Вясны» зьвярнуліся ў Наваполацкі гарадзкі суд з просьбай даць ім магчымасьць прысутнічаць на наступным паседжаньні, бо адміністрацыя калёніі адмаўляе ў такой магчымасьці, спасылаючыся на правілы ўнутранага распарадку і тэхнічныя праблемы.

Праваабаронцы спасылаліся на закон, паводле якога працэсы павінны быць адкрытымі, а забясьпечыць доступ на іх назіральнікаў — абавязак суду. Але на гэтую просьбу праваабаронцаў з Наваполацкага гарадзкога суду адказалі, што разгляд справы Барановіча ў будынку суду «немэтазгодны».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаго не пабачыла ў беларускіх турмах грамадзкая камісія пры Мін’юсьце

Сястра Барановіча Натальля мяркуе, што брату помсьцяць за тое, што пабіўся зь міліцыянтам. Менавіта гэтым яна тлумачыць небясьпеку пераводу яго з калёніі ў горшыя ўмовы — у закрытую турму.

«Што б ні было, мы яго ўсё роўна будзем падтрымліваць», — кажа Натальля.

Хто такі Барановіч і за што яго асудзілі?

​Сьвятаслаў Барановіч 12 сакавіка быў асуджаны судом у Менску на 3 гады зьняволеньня за гвалт супроць міліцыянта. Сваю віну вязень прызнаў часткова. Паводле Барановіча, ён думаў, што ўжывае сілу супроць хулігана, які напаў на ўдзельнікаў «маршу недармаедаў».

У 2011 годзе Сьвятаслаў Барановіч ужо быў асуджаны за Плошчу. Тады яму прысудзілі 3 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў месцы зьняволеньня паводле абвінавачаньня ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 сьнежня 2010 году. Да суду Сьвятаслаў Барановіч адбыў некалькі месяцаў за кратамі, праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

11 сьнежня ў Менску адбылося надзвычайнае паседжаньне Форуму «Свабоду палітвязьням Беларусі», удзельнікі якога сабраліся, каб абмеркаваць сытуацыю з утрыманьнем у Наваполацкай калёніі Сьвятаслава Барановіча і Тараса Аватарава.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьняволены ўдзельнік вайны на Данбасе паскардзіўся, што яму не даюць спаць у беларускай калёніі

Тарас Аватараў — былы добраахвотнік, які ваяваў ва Ўкраіне і па вяртаньні ў Беларусь быў асуджаны на 5 год зьняволеньня за правоз боепрыпасаў.

Паводле зьвестак сваякоў, адміністрацыя калёніі чыніць ціск на вязьняў ды робіць іншыя супрацьзаконныя захады, у тым ліку пагражае жыцьцю.

Удзельнікі сходу заплянавалі накіраваць калектыўную скаргу ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС і ўзмацніць інфармацыйную кампанію пра сытуацыю з палітвязьнямі ў Беларусі, скарыстаўшы дзеля гэтага заплянаваныя на 2019 год Эўрапейскія гульні.