У МЗС Беларусі заявілі, што візавай дамове з ЭЗ замінае адна краіна, але не сказалі, якая

13-га сьнежня ў Брусэлі пачалося 6-е пасяджэньне каардынацыйнай групы Беларусь — Эўразьвяз, паведаміў прэсавы сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз. Сярод шэрагу тэмаў, якія абмяркоўваюцца, ёсьць і пытаньне аб спрашчэньні візавага рэжыму і рэадмісіі.

Паводле Анатоля Глаза, Беларусь зацікаўленая ў падпісаньні дамовы аб спрашчэньні візавых працэдур з Эўразьвязам.

«Дзякуючы сур’ёзнай працы мы дамагліся, што беларускія грамадзяне цяпер могуць атрымліваць візы ў краіны Эўразьвязу ня толькі ў візавых цэнтрах, але і ў амбасадах краін ЭЗ, якія знаходзяцца ў Беларусі», — сказаў Глаз.

Хто затрымлівае падпісаньне дамовы?

Афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі заявіў, што «перамовы працягваюцца, і толькі адна з 28 краін Эўразьвязу хоча ператварыць гэты працэс у нейкую гульню ў адны вароты».

«Я хачу сказаць, што калі гэтае пагадненьне будзе падпісанае, то колькасьць візаў, якія будуць выдавацца грамадзянам Беларусі, не павялічыцца, а зьменшыцца за кошт таго, што будзе выдавацца больш шматразовых. І толькі адна краіна з 28 лічыць, што колькасьць візаў, якія будуць выдавацца грамадзянам Беларусі, павялічыцца».

На пытаньне, якая гэта краіна, ці ня Польшча, Анатоль Глаз ня даў адказу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макей заявіў, што на перамовах пра візы з Эўразьвязам «пастаянна ўзьнікаюць новыя моманты»

Польшча была згаданая невыпадкова — учора на партале TUT.BY надрукавалі інтэрвію з амбасадарам Польшчы ў Беларусі Артурам Міхальскім. У гэтым інтэрвію дыплямат заявіў, што падпісаньне дамовы аб спрашчэньні візавага рэжыму і рэадмісіі паміж Беларусьсю і Эўразьвязам перашкаджае тое, што беларускі бок не пагаджаецца на павелічэньне штату консульскіх супрацоўнікаў у амбасадах краін Эўразьвязу ў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Беларусі ініцыяваў пашырэньне «бязьвізу» для іншаземцаў на наземныя межы

Павелічэньне штатаў консульскіх аддзелаў, на думку Артура Міхальскага, непазьбежнае, бо прасьцейшыя ўмовы атрыманьня шэнгенскіх візаў прывядуць да павелічэньня колькасьці беларусаў, якія пажадаюць наведаць краіны Эўразьвязу, а значыць, і да павелічэньня працы супрацоўнікаў амбасадаў. У сувязі з гэтым можна нагадаць, што Польшча выдае найбольшую колькасьць шэнгенскіх візаў грамадзянам Беларусі.

Кіраўніца прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Беларусі Андрэа Віктарын у кастрычніку заяўляла пра тое, што пагадненьне аб спрашчэньні візавага рэжыму і рэадмісіі паміж Беларусьсю і краінамі Эўразьвязу можа быць падпісанае ўжо сёлета.