Андрэй Федарэнка: «Узяцца за дурную справу — напісаць раман»

  • ВА

Андрэй Федарэнка, архіўнае фота

У выдавецтве «Кнігазбор» выйшла новая кніга Андрэя Федарэнкі. У ёй дзьве аповесьці, два апавяданьні і два эсэ, аб’яднаныя пад назовам «Сузіральнік». Гэтая кніга выбітнага майстра беларускае прозы чытаецца як практычны дапаможнік пачаткоўцам: паглядзіце, маўляў, як трэба пісьменьніку быць нясьпешным у думках, ашчадным у словах, стрыманым у пачуцьцях, адшліфаваным у вобразах, празрыстым у сюжэтах. І — ні каліва эпатажу.

Хацеў — пра каханьне, а выйшла — пра любоў

Кніга пачынаецца аповесьцю «Ксю». Так ласкава называе галоўны герой сваю каханую. Сьветлы настрой, цнатлівыя пачуцьці, ніякіх эратычных сцэнаў. Спачатку думаеш, што ў аўтара не ўдалося. Хацеў — пра каханьне, а выйшла — пра любоў. І толькі на апошнім сказе разумееш, што мы адвыклі ад такіх простых і шчымлівых словаў пра самае складанае на сьвеце душэўнае трымценьне.

Пра муляра-пісьменьніка

«Што прымусіла чалавека пайсьці на такое страхоцьце — узяць і ні з таго ні зь сяго напісаць раман? Прага славы? Захацелася выступленьняў, вядомасьці перад калегамі-мулярамі? Грошай, урэшце? Не, і яшчэ раз не. З адчаю, ад безвыходнасьці — вось адказ. Гэта амаль як рукі на сябе налажыць. Так лезуць у пятлю, кідаюцца ў палонку з галавою, уваходзяць у чорны запой... Бяда, гора, нэндза, поўная нявыкрутка прымусілі чалавека ўзяцца за дурную справу — напісаць раман!»

Гэтак аўтар тлумачыць учынак свайго героя, пяцідзесяцігадовага муляра-бэтоншчыка Шаўцова-Бузука (апавяданьне «Шчасьце»). Учынак, загадзя асуджаны на жорсткую паразу. Самотны будаўнік хацеў вырвацца з зачараванага кола сваёй будзённасьці, але ўсё, што яму ўдалося, гэта зьмяніць мулярскую робу на камбінэзон дворніка дзіцячага прытулку. Дзе ўрэшце ён і пачуўся шчасьлівым.

Выснова аўтара застаецца па-за тэкстам, але чытачу яна відавочная ў час, калі кожны малапісьменны бярэцца нашчоўкаць на кампе «раман», а потым піярыць яго па ўсіх фэйсбуках-твітэрах-кантактах.

Безь легенды ты ніхто

Гэтая тэма, але ўжо пад іншым ракурсам, скразною лініяй праходзіць у эсэ «Пташнікаў». Быў такі празаік. Таленавіты. Ён вучыў маладых, як набірацца майстэрства: «сядаць у лесе ці ў лузе ці папросту на траву ля дома і апісваць тое, што бачыш, — як мага больш падрабязна й дакладна фіксаваць найменшыя зрухі быцьця».

Сам ён — незраўнаны майстар фіксацыі быцьця, якое паказваў густою, сакаўною народнаю мовай без аніводнага лішняга слова. «Толькі пасрэдны пісьменьнік можа быць цалкам задаволены лексыконам тлумачальнага слоўніка».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 500 найлепшых кніг за 500 гадоў

Але сёньня Пташнікава ўжо амаль ніхто ня ведае. Чаму?

«...вакол яго імені не было легенды. Калі не лічыць містыфікацый з інтэрвію і выступленьнямі, усё ў яго ішло неяк занадта роўна, гладка, правільна. Ён ня быў „прарокам“, „апосталам нацыі“ (а ў нас ад пісьменьніка патрабуюць чамусьці толькі гэтага); тое, што ён самародак, непераўзыдзены мастак, ужо мала каго цікавіла».

Чаго яны спаўзаюцца сюды з усяго сьвету?

Назву кнізе дала аднайменная аповесьць. У ёй галоўны герой (аўтар?) толькі тое і робіць, што сузірае наўкольле: жыльлёва-менскае, радзінна-вясковае, турыстычна-бэрлінскае. Але насамрэч ён усюды бачыць толькі роднае вясковае, якое страшэнна зьмянілася за часы ягонага сталеньня. «Дачнікі», «прыхадні», «зброд» парушылі спрадвечны лад і дух сялянскае звычаёвае культуры. Аўтар не хавае сваёй скрухі з гэтае прычыны, якая часам пераходзіць у жорсткую нянавісьць да разбуральнікаў роднага гнязда.

Гэта асабліва выразна вымалевана ў героях апавяданьня «Сахалінка». Вялікая трагедыя сучаснай беларускай вёскі выпісаная ў маленькім творы так яскрава, што ўсьлед за галоўным героем хочацца закрычаць ад бездапаможнасьці.

«„Чаго яны спаўзаюцца сюды з усяго сьвету? Чалавек дзе нарадзіўся, там павінен і памерці...“ Яму было прыкра, горка, што ён, тутэйшы жыхар, стары чалавек, вымушаны, як злодзей, хавацца ад людзей у зарослым двары ўласнай хаты. Ён даўно пераставаў адчуваць сябе тут, у роднай вёсцы, гаспадаром. І толькі калі-небудзь са зьдзіўленьнем перапытваў сябе: як жа яно так сталася? Калі пачалося? Зь якога часу вёска пачала напаўняцца, як саранчой, гэтымі прышлымі людзьмі? Яны скуплялі старыя хаты, будавалі новыя, і ўсё ім было мала, і ўсё іх большала, большала, яны распаўзаліся, нібы бружмель у Ропатавым двары, паступова, але няўмольна выціскаючы старога Ропата зь яго асяродку, а самі — па законах фізыкі — запаўняючы вызваленую прастору».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Топ-10 самых публікаваных пісьменьнікаў БССР