Ганна Красуліна: «Буду падаваць дакумэнты на атрыманьне беларускага грамадзянства»

Прэс-сакратарка АГП Ганна Красуліна

Ганна Красуліна, пасьля таго, як Маскоўскі суд скасаваў рашэньне раённай міграцыйнай службы аб яе высылцы зь Беларусі, распавяла, што ў глыбіні душы спадзявалася на справядлівасьць, але чакала і горшага. Яна дадала, што не зьбіраецца пакідаць працу ў Аб’яднанай грамадзянскай партыі і мае намер падаць дакумэнты на атрыманьне беларускага грамадзянства.

Ганна Красуліна адказала на пытаньні Свабоды.

— Ці чакалі вы такога рашэньня суду?

— Быццам бы і спадзявалася на лепшае, і не чакала. Бо ад самага пачатку справа выглядала вельмі непрыгожай для Рэспублікі Беларусь. Бо абодва адміністрацыйныя штрафы за нібыта ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах я абскарджваю ў Камітэце па правах чалавека ААН. Мае скаргі там на разглядзе. І калі атрымаецца так, што Камітэт па правах чалавека вырашыць пытаньне на маю карысьць, застанецца толькі безьбілетны праезд — артыкул 18.30 КаАП. Мяркую, нам удалося растлумачыць гэта судзьдзі.

Мне падаецца, што напачатку меркавалася зусім іншае рашэньне. І судзьдзя гатовая была вынесьці яго літаральна праз 15 хвілін пасьля разгляду справы. Але рашэньне прымалася гадзіны паўтары. Падобна, судзьдзя раілася і спрабавала камусьці патлумачыць, што гэта сапраўды няўдалае рашэньне. Відаць, ёй удалося пераканаць кагосьці.

Я ня ведаю, у сувязі з чым, але я ня думаю, што Рэспубліка Беларусь раптам стала дэмакратычнай і было прынята справядлівае, законнае рашэньне. Мяркую, што хтосьці наверсе проста ўзважыў, што цяпер нявыгадна высылаць. Так, рэальна магчыма прымусіць мяне замаўчаць, але крайне нявыгадна потым на міжнароднай арэне тлумачыць маю высылку. Бо ўжо ўзьнялася вельмі вялікая хваля, дайшла да Эўрапарлямэнту, амбасадараў. Думаю, улады проста не чакалі такой міжнароднай рэакцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Красуліна застаецца ў Беларусі. Суд скасаваў пастанову аб яе высылцы

— Чым зьбіраецеся зараз займацца? Можа, сыдзеце ў цень, пакінеце пасаду прэсавага сакратара АГП?

— У любым выпадку я буду супрацоўнічаць з Аб’яднанай грамадзянскай партыяй, гэта мае сябры, мае калегі, мы разам шмат чаго пераадолелі. Сваю каманду ня кідаю, і больш за тое, мае перакананьні, мае каштоўнасьці і прывялі мяне ў гэтую партыю. Так што я буду працаваць і далей у АГП.

— Можа, будзеце прымаць грамадзянства Беларусі?

— Так, я зьбіраюся падаваць дакумэнты на атрыманьне беларускага грамадзянства. Пачакаем, можа, міграцыйная служба Маскоўскага раёну яшчэ будзе абскарджваць гэтае рашэньне суду, у іх ёсьць на гэта яшчэ 15 дзён.

— А што будзеце рабіць сёньня пасьля суду? Ведаю, што ваш муж учора купіў пляшку шампанскага, каб адзначыць, як ён прызнаўся, любое рашэньне. Будзеце сьвяткаваць?

— Самае першае — патэлефанавала маме, бацькі вельмі ўзрадаваліся. Дзеці таксама ўжо ведаюць пра нашу перамогу. Зараз з мужам пойдзем гуляць па горадзе, паглядзім на каляднае ўбраньне, кажуць, вельмі прыгожая ялінка каля спартовага манэжу. Будзем прымаць гасьцей, сьвяткаваць Каляды. І, безумоўна, сёньня будзем сьвяткаваць тое, што я застаюся ў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мая краіна тут. У Расею не паеду». Як перажыць выгнаньне зь Беларусі