Дырэктар Адміністрацыйна-бюджэтнага ўпраўленьня Белага Дому Мік Малвэйні заявіў у інтэрвію тэлеканалу Fox News, што прыпыненьне працы ўраду ЗША працягнецца мінімум да 27 сьнежня, расказвае «Настоящее время».
«Я думаю, што падзеі ў бліжэйшыя пару дзён будуць разьвівацца ня надта хутка, — казаў Мік Малвэйні. — На мой погляд, цалкам магчыма, што shutdown («шатдаўн», прыпыненьне працы шэрагу фэдэральных структураў праз адсутнасьць прынятага бюджэту) пратрымаецца і пасьля 28 сьнежня — да пачатку працы Кангрэсу новага скліканьня».
Напярэдадні ў ЗША прыпынілі працу некалькі ведамстваў, бо прэзыдэнт Дональд Трамп адмовіўся падпісваць бюджэт краіны, ухвалены Кангрэсам, і запатрабаваў унесьці ў яго 5,7 млрд даляраў на праект будаўніцтва сьцяны на мяжы з Мэксыкай. Кангрэс па стане на канец сьнежня быў гатовы выдаць на гэтыя мэты толькі 2,5 млрд даляраў: 2,1 млрд непасрэдна на будаўніцтва і 400 млн на «экстранае рашэньне праблемаў у галіне міграцыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад ЗША перапыніў працу трэці раз за год. Што здарыласяЗапыты Трампа на дадзены момант ня маюць шанцаў прайсьці Сэнат ЗША, дзе для ўхвалы дакумэнтаў трэба 60 галасоў са 100, а ў рэспубліканцаў ёсьць толькі крыху больш за 50. Новы склад Кангрэсу, які пачне працаваць 3 студзеня і ў якім дэмакраты атрымалі большасьць крэслаў Палаты прадстаўнікоў, хутчэй за ўсё ўхваліць яшчэ больш жорсткі варыянт бюджэту. У ім мае быць толькі 1,3 млрд на «пытаньні памежнага кантролю», бяз грошай на сьцяну.
Перамовы па бюджэце ў Вашынгтоне былі прыпыненыя ў суботу, 22 сьнежня і адновяцца толькі 27 сьнежня, пасьля Калядаў. Кангрэс зьбярэцца ў новым складзе 3 студзеня. Таму праца часткі амэрыканскіх фэдэральных установаў пакуль прыпыненая да ўхваленьня бюджэту.
У нядзелю Трамп у твітэры ў чарговы раз заявіў, што ня бачыць альтэрнатыў праекце будаўніцтва сьцяны, што было адным з ягоных галоўных перадвыбарных абяцаньняў. Паводле яго, такая сьцяна — гэта адзіны спосаб спыніць «плынь наркотыкаў, бандаў, незаконнага перамяшчэньня людзей, крыміналу і шмат чаго іншага ў нашу краіну».
The most important way to stop gangs, drugs, human trafficking and massive crime is at our Southern Border. We need Border Security, and as EVERYONE knows, you can’t have Border Security without a Wall. The Drones & Technology are just bells and whistles. Safety for America!
— Donald J. Trump (@realDonaldTrump) 24 декабря 2018 г.
З 1976 году ў ЗША 22 разы абвяшчаўся «шатдаўн». У 10 выпадках працаўнікі фінансаваных урадам установаў і ведамстваў былі адпраўленыя ў вымушаныя адпачынкі. Самым сур'ёзным быў «шатдаўн» ў кастрычніку 2013 году падчас прэзыдэнцтва Барака Абамы, калі рэспубліканская большасьць у Кангрэсе адмовілася прымаць праграму мэдыцынскага страхаваньня Obamacare. Пры Трампе урадавыя структуры прыпыняюць працу ўжо ў трэці раз, але да адпачынкаў супрацоўнікаў пакуль сытуацыя не даходзіла.