Расея ня выканала дамову з Сусьветным антыдопінгавым агенцтвам. Што далей?

© Shutterstock

Сусьветнае антыдопінгавае агенцтва (WADA) заявіла 1 студзеня, што Расея ня выканала патрабаваньняў аб доступе замежных экспэртаў да Маскоўскай антыдопінгавай лябараторыі. Праз гэта, піша ESPN, антыдопінгавае агенцтва ЗША ўжо заклікала WADA прызнаць Расейскае антыдопінгавае агенцтва неадпаведным міжнародным стандартам.

31 сьнежня быў дэдлайн: да гэтай даты экспэрты WADA мусілі здабыць зьвесткі з маскоўскай антыдопінгавай лябараторыі і атрымаць доступ да допінг-пробаў расейскіх спартоўцаў, якія былі апячатаныя з 2015 году. Але расейскія ўлады 21 сьнежня запатрабавалі выкарыстоўваць для здабычы зьвестак абсталяваньне, сэртыфікаванае ў Расеі, хоць раней не выстаўлялі такіх патрабаваньняў.

Праверку хацелі правесьці, каб канчаткова аднавіць у правах расейскае антыдопінгавае агенцтва (РУСАДА), дыскваліфікаванае на тры гады пасьля скандалу з масавымі допінгавымі парушэньнямі і меркаванай сыстэмай дзяржаўнай падтрымкі ўжываньня допінгу расейскімі спартоўцамі. РУСАДА папярэдне аднавілі ў правах у верасьні 2018-га, але пры ўмове замежнага доступу да зьвестак маскоўскай лябараторыі да канца году.

WADA выказала шкадаваньне з нагоды неатрыманьня доступу да лябараторыі, а таксама пісьмова зьвярнулася да РУСАДА і расейскага міністра спорту, апісала сваё бачаньне сытуацыі і нагадала пра наступныя крокі. Генэральны дырэктар РУСАДА 27 сьнежня папярэджваў Уладзіміра Пуціна, што краіна можа аказацца ў «спартовай самаізаляцыі» і «на краі прорвы», калі таго доступу не дадуць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За што Расею адхілілі ад Алімпіяды? Усё, што трэба ведаць пра допінгавы скандал

14 або 15 студзеня мае прайсьці паседжаньне адмысловага незалежнага «камітэту адпаведнасьці» (то бок аб «расейскай справе»), які дасьць WADA рэкамэндацыі ў далейшых дзеяньнях. Расейскае агенцтва ў выніку могуць прызнаць неадпаведным міжнародным правілам, але РУСАДА яшчэ зможа аспрэчыць рашэньне ў міжнародным Спартовым арбітражным судзе.

Калі Расею зноў пазбавяць статусу адпаведнасьці стандартам WADA, расейскія допінг-пробы ня будуць прызнавацца за межамі краіны. Расейскія спартоўцы будуць праходзіць допінг-тэсты за мяжой, а то і зноў страцяць магчымасьць прадстаўляць сваю краіну на міжнародных спаборніцтвах — хіба толькі ў парадку выключэньня пад нэўтральным сьцягам, як было на Алімпіядзе-2018.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Давайце бяз акцый!» НАК Беларусі больш ня будзе «ўздымаць сьцягі» ў падтрымку Расеі