Дональд Трамп агучыў пляны аб вывадзе войскаў ЗША з Сырыі

Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп агучыў, якія мае пляны на вывад амэрыканскіх войскаў з Сырыі. Паводле Трампа, войскі ЗША будуць выведзеныя з Сырыі «на працягу пэўнага часу».

Як сказаў прэзыдэнт ЗША на пасяджэньні кабінэту міністраў у Белым доме, частка якога адбылася перад журналістамі, ён ніколі не абмяркоўваў тэрміну вывядзеньня за чатыры месяцы, пра якія паведамлялі сродкі масавай інфармацыі.

Ён патлумачыў адмову назваць больш дакладны тэрмін імкненьнем абараніць байцоў фармаваньняў сырыйскіх курдаў, якія ваююць супраць экстрэмісцкай групоўкі «Ісламская дзяржава» і якіх падтрымліваюць ЗША.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША перад вывадам войскаў з Сырыі могуць пакінуць зброю курдам

Пра магчымы наступ на сырыйскіх курдаў раней заявіла Турэччына. Агенцтва Reuters пасьля гэтага паведаміла пра плян Пэнтагону пакінуць курдам зброю пасьля вываду амэрыканскіх войскаў. Гаворка ідзе пра бранятэхніку, мінамёты і супрацьтанкавыя ракетныя комплексы. Аднак канчатковае рашэньне ў гэтым пытаньні не прынятае.

Турэччына сьцьвярджае, што курдзкія фармаваньні, якія ваявалі на баку ЗША супраць «Ісламскай дзяржавы», зьвязаныя з «Рабочай партыяй Курдыстану». Анкара і многія краіны сьвету, уключна зь дзяржавамі Эўразьвязу, лічаць гэтую арганізацыю тэрарыстычнай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СМІ паведамілі пра гатоўнасьць ЗША вывесьці войскі з Сырыі

Трамп абвясьціў пра вывад амэрыканскіх войскаў з Сырыі 19 сьнежня. Ён матываваў рашэньне перамогай над тэрарыстычнай групоўкай «Ісламская дзяржава». Камандаваньне амэрыканскай арміі не пагадзілася з прэзыдэнтам, палічыўшы такі крок заўчасным.

Цяпер у Сырыі знаходзіцца каля 2 тысяч вайскоўцаў ЗША.

У апошнія дні Трамп адступіў ад ідэі тэрміновага вываду войскаў ЗША з Сырыі і стаў казаць, што гэта будзе адбывацца паступова. Паводле дадзеных СМІ, прэзыдэнт ЗША зьмяніў сваю пазыцыю пасьля візыту на амэрыканскую вайсковую базу ў Іраку на мінулым тыдні. Военаначальнікі нібыта пераканалі Трампа, што джыхадысты да канца не пераможаныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп вырашыў запаволіць працэс вываду войскаў ЗША з Сырыі