Трамп усклаў на дэмакратаў адказнасьць за «гуманітарны крызіс» на мяжы з Мэксыкай

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп выступіў з тэлезваротам да народу з Авальнага кабінэта. Выступ трансьлявалі ўсе найбуйнейшыя амэрыканскія тэлеканалы, паведамляе «Настоящее время».

У сваім звароце прэзыдэнт ЗША паспрабаваў пераканаць амэрыканцаў у неабходнасьці гарантаваньня бясьпекі на мяжы з Мэксыкай. Спрэчка паміж рэспубліканцамі і дэмакратамі з нагоды фінансаваньня гэтай ініцыятывы прывяла да частковага спыненьня працы ўраду («шатдаўну»), якое працягваецца ўжо 18 дзён.

Дональд Трамп заявіў, што ў выніку нелегальнай міграцыі пакутуюць усе жыхары ЗША. Ён назваў паўднёвую мяжу краіны з Мэксыкай «сітам», празь якое штодня праходзяць наркотыкі, а ў ЗША незаконна пранікаюць злачынцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп усклаў на дэмакратаў адказнасьць за сьмерць дзяцей мігрантаў

У выніку наркатычнага перадазаваньня, перакананы Трамп, кожны тыдзень гінуць 300 амэрыканцаў. «Гэта гуманітарны крызіс», — сказаў прэзыдэнт. Ён дадаў, што нелегальныя мігранты часта выкарыстоўваюць непаўналетніх дзяцей у якасьці інструмэнту для пранікненьня ў краіну. Паводле Трампа, банды выкарыстоўваюць дзяцей у якасьці пешак, і менавіта дзеці зьяўляюцца галоўнымі ахвярамі незаконнай міграцыі.

Частка сьцьвярджэньняў амэрыканскага прэзыдэнта не адпавядае рэчаіснасьці (фактчэк тут).

Трамп ня стаў аб’яўляць надзвычайнае становішча і сказаў, што запрасіў лідэраў дэмакратаў у Белы дом, каб узгадніць зь імі ўзьвядзеньне сьцяны на паўднёвай мяжы. Неабходнасьць яе ўзьвядзеньня — «проста здаровы сэнс», паводле прэзыдэнта ЗША.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп папярэдзіў, што можа выкарыстаць надзвычайныя паўнамоцтвы

«Чаму палітыкі будуюць сьцены вакол сваіх рэзыдэнцый? — рытарычна спытаў Трамп і адказаў: Не таму, што яны ненавідзяць тых, хто за сьцяной, а таму, што любяць тых, хто ўнутры». Паводле прэзыдэнта ЗША, ідэя ўзьвядзеньня сьцяны была вылучаная ня ім самім, а «прафэсіяналамі ў праваахоўных органах».

У сваім адказе прэзыдэнту лідэры дэмакратаў у Кангрэсе ЗША Нэнсі Пэлосі і Чак Шумэр заклікалі прэзыдэнта разьдзяліць пытаньне аб прыняцьці бюджэту і пытаньне аб гарантаваньні бясьпекі на паўднёвай мяжы краіны. Паводле іх, прэзыдэнт выкарыстоўвае простых амэрыканцаў, якія цярпяць ад частковага закрыцьця ўраду, як рычаг, каб дамагчыся рэалізацыі свайго перадвыбарчага абяцаньня пра сьцяну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апанэнтка Буша і Трампа, трэці чалавек у ЗША. Чым знакамітая Нэнсі Пэлосі

Яны заклікалі Трампа падтрымаць ухвалены Палатай прадстаўнікоў законапраект, які дазваляе аднавіць працу ўраду, працягнуўшы пры гэтым абмеркаваньне канкрэтных захадаў для гарантаваньня бясьпекі на мяжы з Мэксыкай.