Лукашэнка прызначыў новага памочніка па Горадзеншчыне. Папярэдняга злавілі на хабары

Сяргей Раўнейка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка 15 студзеня прызначыў Ігара Лаўрыновіча сваім памочнікам — інспэктарам па Горадзенскай вобласьці. Лаўрыновічавага папярэдніка — Сяргея Раўнейку затрымалі пры атрыманьні хабару памерам 200 тысяч даляраў.

Раўнейка атрымаў хабар ад кіраўніка закрытага акцыянэрнага таварыства за станоўчае вырашэньне пытаньня, наўпрост зьвязанае з цыгарэтным бізнэсам, сьцьвярджаў намесьнік Генэральнага пракурора Беларусі Аляксей Стук.

Сяргей Раўнейка быў зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Супраць яго распачалі крымінальную справу за атрыманьне хабару ў асабліва буйным памеры (ч.3 арт. 430 КК РБ), за што пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 5 да 15 гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасьці.