Дэпутатка Алена Анісім унесла законапраект супраць Джонавічаў і Жакавічаў

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алены Анісім

Палата прадстаўнікоў прыняла да разгляду прапанову дэпутаткі Алены Анісім, каб імя па бацьку для дзяцей, народжаных беларускімі жанчынамі ў шлюбах з іншаземцамі, запісвалася ў пасьведчаньне аб нараджэньні і пашпарт дзіцяці толькі са згоды бацькоў.

Цяпер запіс пра імя па бацьку ў дакумэнтах зьяўляецца абавязковым. Прапанова Анісім можа ўвайсьці ў новую рэдакцыю Кодэксу аб шлюбе і сям’і, які рыхтуецца для разгляду ў першым чытаньні на веснавую сэсію парлямэнту.

Алена Анісім сказала Свабодзе, што навэлу ў заканадаўства ёй падказалі выбарнікі:

«Для мяне зьвярнуліся некалькі жанчын, якія замужам за грамадзянамі іншых краін, зь якімі яны маюць агульных дзяцей. Яны ня хочуць, каб у пашпарце дзяцей значылася імя па бацьку. Ну няма ніякай мілагучнасьці ў гэтых Чарльзавічах, Дональдавічах, Люевічах і гэтак далей».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Квасыч, Капірыч і Рыгорыч: Імя па бацьку як чужы брэнд

Паводле дэпутаткі, ёсьць і іншыя падставы, каб па жаданьні мамы і таты можна было б адмовіцца ад імя па бацьку. І ня толькі жанчынам, якія замужам за іншаземцамі, а наагул:

«Я аргумэнтую сваю прапанову яшчэ і тым, што сёньня мамы могуць карыстацца донарствам. Гэта працэс ананімны, і навошта тады ўпісваць у дакумэнты імя па бацьку? Альбо, на жаль, ад гэтага нікуды ня дзецца, жанчына робіцца цяжарнай пасьля згвалтаваньня. Якое імя па бацьку тады можа быць?»

Профільная камісія Палаты прадстаўнікоў, якая рыхтуе дапаўненьні і зьмяненьні ў Кодэкс аб шлюбе і сям’і, стварыла адмысловую рабочую групу. На першым пасяджэньні яе чальцы разглядалі і прапанову Анісім.

«Я ў гэты час якраз ляжала ў шпіталі і таму не магла асабіста ўдзельнічаць у дыскусіі. Але калегі сказалі, што маю прапанову коратка разглядалі. Былі рэплікі і ў падтрымку, і супраць. Галоўнае, што ініцыятыву не адкінулі. Вырашана вярнуцца да яе на наступным пасяджэньні з запрашэньнем на дыскусію адмыслоўцаў у справах шлюбу, сям’і, юрыстаў», — распавядае дэпутатка Палаты прадстаўнікоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мянчук дамогся пашпарта на правільнай лацінцы і без імя па бацьку

Што пра імя па бацьку напісана ў законах

У беларускім заканадаўстве няма дакладнага рэглямэнту і тлумачэньня, чаму імя па бацьку абавязковае. У законе толькі прапісана, што бацькі маюць права вызначаць імя па бацьку.

У прыватнасьці, у артыкуле 69 Кодэксу Рэспублікі Беларусь «Аб шлюбе і сям’і», які прынялі ў 1999 годзе, гаворыцца, што «імя па бацьку дзіцяці надаецца па ўласным імені бацькі, а ў выпадках, прадугледжаных артыкулам 55 — па ўласным імені асобы, запісанай у якасьці бацькі».

Але нідзе не прапісана, што імя па бацьку павінна быць абавязковым.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Я Анастасія Лідзіеўна. А вы?

ЗАГСы звычайна адмаўляюць рэгістраваць дзіця без пазначэньня імя па бацьку на падставе артыкулу 25 Закону Рэспублікі Беларусь «Аб асновах адміністрацыйных працэдур». Згодна зь ім упаўнаважаны орган можа адмовіць у ажыцьцяўленьні адміністрацыйнай працэдуры на трох падставах. Гэта ліквідацыя альбо сьмерць зацікаўленай асобы; падача падробленых або несапраўдных дакумэнтаў; іншыя выпадкі, прадугледжаныя заканадаўствам і пастановамі Саўміну.

Але, як сьведчаць юрысты, існуюць і ўнутраныя інструкцыі ЗАГСаў. Менавіта гэтыя дакумэнты найперш і не дазваляюць рэгістраваць дзяцей без пазначэньня імя па бацьку.

Беларускі амэрыканец не дамогся, каб у ягонага сына не было імя па бацьку

21 верасьня 2018 году суд Першамайскага раёну Менску адмовіў Джону Ліну Росману, які нарадзіўся ў ЗША і 10 гадоў жыве ў Беларусі, у ягонай просьбе, каб у пасьведчаньні аб нараджэньні ягонага дзіцяці не пісалі імя па бацьку. Свабода падрабязна асьвятляла гэты працэс.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Застанецца Джонавічам. Суд не дазволіў беларускаму амэрыканцу назваць сына без імя па бацьку

На думку Росмана, прымусовае наданьне імя па бацьку — гэта патрыярхальны перажытак расейскага імпэрыялізму.

«Беларускія гістарычныя постаці — Францішак Скарына, Сымон Будны, Тадэвуш Касьцюшка — ня мелі імя па бацьку», — прыводзіў ён свае аргумэнты ў размове са Свабодай.

Джон перакананы, што рашэньне, як называць дзіця, даваць імя па бацьку ці не, павінны прымаць толькі бацькі.

«Я ня супраць імя па бацьку, я супраць ціску — гэта не павінна быць абавязковым, прымусовым».

Свабода раней пісала пра 76-гадовага Антося Вусовіча, які дамогся, каб у ягоным пашпарце не пісалі імя па бацьку, а прозьвішча пісалі беларускай лацінкай.