Расея схавала 100 тысяч пратаколаў допінг-кантролю

Расейскае антыдопінгавае агенцтва схавала 100 тысяч пратаколаў допінг-кантролю ад міжнароднай сыстэмы антыдопінгавага адміністраваньня мэнэджмэнту (ADAMS).

Пра гэта гаворыцца ў лісьце гендырэктара Расейскага антыдопінгавага агенцтва Юрыя Гануса да выканкаму Сусьветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA), паведамляе РИА «Новости».

Паводле Гануса, парушэньні дапусьціў ранейшы склад супрацоўнікаў арганізацыі. Яны былі выяўленыя пад час двух унутраных расьсьледаваньняў Расейскага антыдопінгавага агенцтва ў мінулым годзе. Цяпер пратаколы ўносяцца ў базу.

У сваім лісьце Ганус папрасіў у Сусьветнага антыдопінгавага агенцтва пацьвердзіць статус Расейскага антыдопінгавага агенцтва. Гэта дазволіць яму браць допінг-пробы ў спартоўцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея ня выканала дамову з Сусьветным антыдопінгавым агенцтвам. Што далей?

Сусьветнае антыдопінгавае агенцтва (WADA) заявіла 1 студзеня, што Расея ня выканала патрабаваньняў аб доступе замежных экспэртаў да Маскоўскай антыдопінгавай лябараторыі.

Праз гэта, піша ESPN, антыдопінгавае агенцтва ЗША ўжо заклікала WADA прызнаць Расейскае антыдопінгавае агенцтва неадпаведным міжнародным стандартам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За што Расею адхілілі ад Алімпіяды? Усё, што трэба ведаць пра допінгавы скандал

31 сьнежня быў дэдлайн: да гэтай даты экспэрты WADA мусілі здабыць зьвесткі з маскоўскай антыдопінгавай лябараторыі і атрымаць доступ да допінг-пробаў расейскіх спартоўцаў, якія былі апячатаныя з 2015 году.

Але расейскія ўлады 21 сьнежня запатрабавалі выкарыстоўваць для здабычы зьвестак абсталяваньне, сэртыфікаванае ў Расеі, хоць раней не выстаўлялі такіх патрабаваньняў.

У сьнежні Ганус запісаў зварот да прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна.

У ім ён заявіў аб тым, што расейскі спорт знаходзіцца «каля краю прорвы» з-за таго, што экспэрты WADA не атрымалі доступу да дадзеных Маскоўскай антыдопінгавай лябараторыі. Расейскія чыноўнікі заявілі ў адказ, што перамовы з WADA «ідуць у працоўным парадку».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Давайце бяз акцый!» НАК Беларусі больш ня будзе «ўздымаць сьцягі» ў падтрымку Расеі