У Літве палічылі грамадзянаў Беларусі. Іх стала на траціну болей

Вільня. Ілюстрацыйнае фота.

Як паведаміў Дэпартамэнт міграцыі Літвы, замежнікі, якія стала жывуць у Літве, склалі больш за 2% насельніцтва краіны. Беларускіх грамадзянаў у Літве паболела — 12 162 чалавек, гэта на 31,8 адсотка больш, чым год таму, паведамляе інфармацыйны партал DELFI.

Паводле Дэпартамэнту міграцыі Літвы, украінцы апярэдзілі расейцаў і сталі найбуйнейшай замежнай суполкай у Літве. Як паведамляецца, на пачатку года ў Літве пражывала амаль 17 тысяч украінцаў, гэта амаль на 42% больш, чым год таму. Расейскіх грамадзянаў, якія стала жывуць у Літве, крыху болей за беларусаў — амаль 12,5 тысяч чалавек. Расейцаў за год паменела на 3%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чыя Вільня і якія беларусы мігруюць у Літву. Самае важнае з форуму ў Клайпэдзе

Беларусы, украінцы і расейцы складаюць 84% усіх замежнікаў, якія пражываюць у Літве. Сярод грамадзянаў краінаў Эўразьвязу найболей жыве ў Літве грамадзянаў Латвіі, Нямеччыны і Польшчы. Агулам за год колькасьць замежных грамадзянаў, якія пражываюць у Літве, вырасла амаль на 17,5%.