Беларусаў зноў паменела за год. Але ёсьць 11 раёнаў, дзе насельніцтва вырасла

Беларусы Чэхіі на сьвяткаваньні стагодзьдзя БНР, 2018 год, ілюстрацыйнае фота

Паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту, на 1 студзеня 2019 году колькасьць насельніцтва Беларусі склала 9 475 600 чалавек.

Гэта на 16 200 чалавек меней, чым год таму, на 66,8 тысячы менш, чым у 2008 годзе, і на 617 400 чалавек меней, чым у 1998-м. На піку ў 1994 годзе колькасьць насельніцтва Беларусі сягала 10 243 500 чалавек.

Скарачэньне насельніцтва назіралася амаль паўсюдна ў Беларусі ў 2018 годзе: у 107 са 118 раёнаў. Больш людзей стала толькі ў Менскім, Смалявіцкім, Дзяржынскім, Узьдзенскім і Лагойскім раёнах Менскай вобласьці; Гомельскім, Мазырскім і Веткаўскім раёнах Гомельскай вобласьці; Астравецкім раёне Горадзенскай, Магілёўскім і Берасьцейскім раёнах.

Насельніцтва Менску абнавіла рэкорд: на 1 студзеня 2019 году ў сталіцы Беларусі налічылі 1 992 800 чалавек, што на 400 больш, чым было год таму. За 10 гадоў насельніцтва Менску павялічылася на 198,1 тысячы, за 20 — на 317,3 тысячы. Колькасьць насельніцтва таксама павялічылася ў Берасьці, Віцебску, Гомлі, Горадні і Магілёве.

Міністарка працы Ірына Касьцевіч тлумачыла скарачэньне насельніцтва зьмяншэньнем колькасьці жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту, піша БелаПАН. Цяпер рэпрадуктыўнага ўзросту дасягаюць народжаныя ў 1990-я, а іх ня так шмат, адзначыла яна. Таксама зьмяншаецца колькасьць нараджэньняў на адну жанчыну.

Незалежныя экспэрты адзначаюць таксама эканамічныя прычыны — сярод іх непрывабнасьць працы ў раёнах. Моладзь пераяжджае ў рэгіёны з больш спрыяльным эканамічным асяродзьдзем, і наўрад ці гэтую тэндэнцыю атрымаецца «разьвярнуць».

Тым часам толькі за апошні год беларусаў паболела на траціну ў Літве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму зь мірнай Беларусі едуць жыць ва Ўкраіну, якая ваюе?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чыя Вільня і якія беларусы мігруюць у Літву. Самае важнае з форуму ў Клайпэдзе
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Насельніцтва Расеі скарацілася ўпершыню за 10 гадоў