Забойцу катá з Горадні прысудзілі два месяцы арышту

Скрыншот з камэраў назіраньня

Суд Кастрычніцкага раёну Горадні прысудзіў 36-гадоваму мужчыну два месяцы арышту за жорсткае абыходжаньне з жывёламі і прызначыў прымусовае лекаваньне ад алькагалізму, піша мясцовае выданьне «Перспектива».

Як згадвае Hrodna.life, прысуд мужчыну вынесьлі яшчэ 23 лістапада мінулага году, ды мужчына не пагадзіўся зь ім і падаў апэляцыю ў абласны суд. Але апэляцыю адхілілі, прысуд пакінулі бязь зьменаў — і ён набыў моц.

Раней мужчыну ўжо прыцягвалі да крымінальнай адказнасьці за хуліганства, рабаваньне, крадзеж, пагрозу забойствам і іншыя злачынствы.

Мужчына 14 ліпеня мінулага году ў нецьвярозым стане гуляўся з вулічнымі катамі. Адзін яго падрапаў — ён схапіў ката і стаў душыць, двойчы ўдарыў жывёлу аб драўляны паддон, забіў і выкінуў у сьметніцу. Усё здымалі камэры відэаназіраньня на крамах паблізу.

Паводле артыкулу 339-1 КК РБ за жорсткае абыходжаньне з жывёламі могуць пакараць штрафам, грамадзкімі работамі, папраўчымі работамі на тэрмін да году або арыштам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адсутнасьць закону і дзяржпраграмы. 10 галоўных праблемаў зоаабаронцаў у Беларусі

Ад нядаўняга часу правы жывёлаў таксама рэгулююцца асобнымі артыкуламі Адміністрацыйнага і Крымінальнага кодэксаў Рэспублікі Беларусь. Першы прадугледжвае пакараньне ў выглядзе папярэджаньня або штрафу, другі — арышту.

Крымінальная адказнасьць за жорсткае абыходжаньне з жывёламі набыла сілу ў 2015 годзе і рэгулюецца артыкулам 339.1 КК. Тады ж супрацоўнікі міліцыі атрымалі права складаць пратаколы і прыцягваць да адказнасьці. Падстава — чалавек зьдзекуецца з жывёлы наўмысна і з падкрэсьленай жорсткасьцю.

Аднак на практыцы аказалася, што такія намеры даказаць няпроста, таму ў лепшым выпадку з парушальніка могуць спагнаць некалькі базавых велічыняў штрафу (максымальная санкцыя — 1 год пазбаўленьня волі).

У мінулым ліпені ўрад адклікаў законапраект «Аб абыходжаньні з жывёламі». Над ім працуюць ужо 7 гадоў, тэкст вярнулі на дапрацоўку шосты раз. У 2016 годзе законапраект прайшоў праз грамадзкае абмеркаваньне, актывісты крытыкавалі яго за тое, што ён можа ўзаконіць жорсткае абыходжаньне з жывёламі. Усе прапановы зоаабаронцаў адхіленыя, ніводная ў праект не ўвайшла. За больш жорсткія пакараньні жывадзёрам у інтэрнэце сабралі больш як дзьве тысячы подпісаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка паабяцаў адказаць на ліст Брыжыт Бардо пра абарону жывёлаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Алексіевіч пра сваіх сабак, зварот Бардо да Лукашэнкі і зьдзекі з жывёлаў