Вугоршчына мае намер заблякаваць эўрапейскае эмбарга на продаж зброі Беларусі

Квартал Брусэлю, у якім месьцяцца штаб-кватэры эўрапейскіх інстытуцыяў

Будапэшт чарговы раз пагражае прабіць дзірку ў эўрапейскай забароне продажу зброі Беларусі.

Пра гэта паведамляе наш брусэльскі карэспандэнт Рыкард Юзьвяк.

ЭЗ увёў эмбарга на пастаўкі зброі ў Беларусь у 2011 годзе разам зь візавымі забаронамі і замарожаньнем актываў 174 беларускіх урадоўцаў і бізнэсоўцаў. Гэтае рашэньне было прынятае пасьля гвалтоўнага падаўленьня дэманстрантаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у сьнежні 2010 году.

Візавыя і фінансавыя абмежаваньні для беларускіх чыноўнікаў былі скасаваныя ў сакавіку 2015 году. Аднак збройнае эмбарга засталося, з 2011 году яно штогод працягвалася, для гэтага патрэбнае штогадовае адзінадушнае рашэньне ўсіх дзяржаваў-удзельніц Эўразьвязу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Крыніцы ў Брусэлі: Санкцыі рэзка абмяжуюць, а Вугоршчына хоча прадаваць у Беларусь стрэльбы

Сёлета рашэньне павінна быць прынятае да 28 лютага. Будапэшт пакуль не дае згоды на працяг эмбарга. Раней на патрабаваньне Вугоршчыны з-пад эмбарга была выведзеная спартовая зброя, яе краінам ЭЗ дазволена экспартаваць у Беларусь.

Вугоршчына гатовая падтрымаць працяг збройнага эмбарга адносна Беларусі, але толькі ў абмен на хуткае падпісаньне рамачнага пагадненьня аб супрацоўніцтве паміж ЭЗ і Беларусьсю.

Пытаньне ўпіраецца ў Літву

Перамовы аб ухваленьні гэтага дакумэнту вядуцца ўжо два гады. Меркавалася, што ён будзе падпісаны летась на саміце «Ўсходняга партнэрства» у Брусэлі.

Аднак Літва настойвае на дадатковых гарантыях адносна Беларускай АЭС, якая будуецца ў Астраўцы на расейскі крэдыт. Бяз гэтых гарантыяў Літва адмаўляецца падтрымаць агульнаэўрапейскае пагадненьне зь Менскам.

Рэактар у Астраўцы прайшоў стрэс-тэст ЭЗ у ліпені 2018 году, аднак Вільня адзначае, што тэкст тычыўся патэнцыйнай сэйсьмічнай актыўнасьці ў раёне станцыі, а ня спрэчнага пытаньня месцазнаходжаньня АЭС.

Літва настойвае на тым, каб Беларусь падала плян дзеяньняў, які ўтрымліваў бы ўсе прапанаваныя захады для падвышэньня бясьпекі станцыі, паводле Вільні гэты плян мае быць ухвалены эўрапейскім рэгулятарам ядзернай бясьпекі (ENSREG).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва запатрабуе гарантыяў, што БелАЭС ня будзе пагрозай дзяржаве

Дыпляматычная крыніца паведаміла нашаму карэспандэнту, што Вугоршчына сваёй згодай падтрымаць эмбарга на пастаўкі зброі ў Беларусь пры ўмове падпісаньня пагадненьня аб супрацы зь Беларусьсю перакладае адказнасьць на Літву.

Іншыя крыніцы кажуць, што для Будапэшту яго дэмарш адносна эмбарга для Беларусі — своеасаблівы тэст на тое, як далёка ён можа зайсьці. Ня выключана, што такую самую тактыку Вугоршчына можа ўжыць пры абмеркаваньні пытаньня аб эканамічных і візавых санкцыях адносна Расеі. Праўда, варта адзначыць, што Вугоршчына ніколі раней не спрабавала адкрыта спыніць санкцыі адносна Расеі.