У верасьні ў Лідзе адкрыюць помнік князю Гедзіміну

Эскіз помніку князю Гедзіміну ў Лідзе

Ужо ўлетку каля Лідзкага замку зьявіцца помнік заснавальніку гораду князю Гедзіміну. Адкрыцьцё помніка плянуюць зрабіць у верасьні на 75-годзьдзе Гродзенскай вобласьці, піша «Гродненская правда».

Вялікі князь літоўскі Гедзімін, пры якім тэрыторыя ВКЛ павялічылася амаль удвая пачаў будаўніцтва Лідзкага замку ў 1323 годзе. Трохтонны помнік князю будзе на вялікім пастамэнце, сам князь будзе ў вобразе вершніка на кані.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта помнік сапраўднаму дзяржаўнаму дзеячу», — пераможца у конкурсе эскізаў коннага помніка Гедзіміну

2 кастрычніка 2017 году рашэньнем Лідзкага раённага выканаўчага камітэту быў абвешчаны конкурс на стварэньне помніка «Заснавальнік замку — князь Гедзімін».

У конкурсе на помнік прадставілі 28 эскізаў. Конкурс выйгралі скульптары Вольга Нячай і Сяргей Аганаў. Гэтую працу яны зрабілі яшчэ ў 2015 годзе, тады пра конкурс было невядома.