Вэнэсуэла закрывае памежныя пераходы з Калюмбіяй

Канцэрт, арганізаваны брытанскім мільярдэрам Рычардам Брэнсанам у Калюбміі, блізка мяжы з Вэнэсуэлай

Венэсуэльскія ўлады часова закрылі тры масты на мяжы з Калюмбіяй. Пра гэта ў твітэры напісала віцэ-прэзыдэнт Венэсуэлы Дэлсі Радрыгес.

Яна ўдакладніла, што Каракас па-ранейшаму дае вэнэсуэльцам і калюмбійцы гарантыю бясьпечных памежных пераходаў. Радрыгес запатрабавала ад прэзыдэнта Калюмбіі спыніць падтрымку прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа.

У студзені лідэр Вэнэсуэльскай апазыцыі Хуан Гуайдо абвясьціў сябе часова выконваючым абавязкі прэзыдэнта і запатрабаваў правядзеньня незалежных выбараў. Гуайдо падтрымалі ЗША, Канада, многія краіны Лацінскай Амэрыкі і большасьць краінаў Эўразьвязу. Дзеючага прэзыдэнта Нікаляса Мадура лічаць легітымным Расея, Кітай, Куба і Мэксыка.

Гуайдо заклікаў сваіх прыхільнікаў узяць у суботу ў жывое кола вайсковыя часткі і запатрабаваць, каб салдаты не перашкаджалі ўвозу ў краіну гуманітарнай дапамогі.

Частка гуманітарнай дапамогі з ЗША знаходзіцца ў калюмбійскім горадзе Кукута. Напярэдадні ўвечары там таксама прайшоў дабрачынны музычны фэст, арганізаваны брытанскім мільярдэрам Рычардам Брэнсанам. Мяркуецца, што сабраныя грошы будуць выдаткаваныя на патрэбы вэнэсуэльцаў.

Прыхільнікі Мадура вырашылі правесьці ўласны фэстываль непадалёк ад канцэрту, арганізаванага Брэнсанам, але на тэрыторыі Вэнэсуэлы.

Гуайдо наведаў канцэрт на тэрыторыі Калюмбіі, нягледзячы на забарону на выезд з Вэнэсуэлы. Ён заявіў, што пераадолець мяжу яму дапамаглі вайскоўцы.

У сваю чаргу амэрыканскія СМІ паведамілі, што Белы дом пагражае дэпартаваць з ЗША родных высокапастаўленых Вэнэсуэльскіх вайскоўцаў, калі гэтыя вайскоўцы будуць і надалей падтрымліваць Мадура і не дапусьцяць у Вэнэсуэлу амэрыканскую гуманітарную дапамогу.