Праз атручваньне няякасным алькаголем у Індыі загінулі 107 чалавек

Пацярпелы ад атручваньня алькаголем.

У выніку атручваньня няякасным алькаголем у штаце Асам на ўсходзе Індыі загінулі як мінімум 107 чалавек, паведамляе выданьне The Quint са спасылкай на мясцовую паліцыю. Яшчэ дзясяткі пацярпелых знаходзяцца ў шпіталях.

Усе пацярпелыя — работнікі чайнай плянтацыі. Яны атруціліся вырабленым падпольна лікёрам. Улады штату забаранілі інгрэдыент, зь якога ён быў выраблены.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад атручэньня алькаголем у Беларусі сёлета памерлі 600 чалавек

Масавае атручваньне ў Асаме адбылося праз два тыдні пасьля таго як з прычыны атручваньня нелегальным алькаголем загінулі каля ста чалавек у паўночных штатах краіны, паведамляе BBC. Выданьне адзначае, што сьмерці ад падпольна вырабленага алькаголю распаўсюджаныя ў Індыі, дзе легальны алькаголь можа быць занадта дарагім для насельніцтва.

У справе аб масавым атручваньні ў Асаме арыштаваныя два чалавекі, якія гандлявалі алькаголем. Па дадзеных агенцтва IANS, якое цытуе The Quint, жыхары ў раёне атручваньня скардзіліся на цесную сувязь паміж гандлярамі нелегальным алькаголем і мясцовай паліцыяй.