На марш памяці Нямцова ў Маскве выйшлі больш за 10 тысяч чалавек

Марш памяці апазыцыйнага палітыка Барыса Нямцова ў Маскве, 24 лютага 2019

У Маскве і шэрагу іншых гарадоў Расеі сёньня праходзяць акцыі памяці апазыцыйнага палітыка Барыса Нямцова, забітага 27 лютага 2015 году непадалёк ад Крамля.

У Маскве, паводле апошніх дадзеных арганізацыі «Белы лічыльнік», у маршы бяруць удзел больш за 10 тысяч чалавек. Паліцыя пакуль што не называе свае падлікі.

Мітынгі памяці Нямцова сёньня дазволеныя ў Маскве, Санкт-Пецярбургу і шэрагу іншых гарадоў Расеі, але ў некаторых гарадах улады адмовіліся дазваляць акцыі памяці.

Сям’я Нямцова мяркуе, што сьледзтва нічога ня робіць, каб знайсьці арганізатараў і замоўнікаў забойства, расказала «Інтэрфаксу» адвакатка Вольга Міхайлава, якая прадстаўляе інтарэс дачкі забітага Жанны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве ля амбасады Расеі будзе сквэр Барыса Нямцова

Міхайлава кажа, што ў яе складаецца ўражаньне: «менавіта палітыка ўплывае на тое, што арганізатары і замоўнікі ня выяўленыя і не панесьлі заслужанага пакараньня». На хадайніцтвы з просьбай азнаёміцца з ходам сьледзтва ёй адказалі адмовай, зь якой вынікае, што ніякіх экспэртызаў больш не праводзіцца.

Афіцыйна расьсьледаваньне працягваецца. Выканаўцам забойства названы Заур Дадаеў, якога асудзілі на 20 гадоў турмы. Яшчэ чатыры фігуранты справы атрымалі ад 11 да 19 гадоў турмы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дачка забітага палітыка Нямцова: «Абмяркоўваць Пуціна — гэта як абмяркоўваць Мугабэ»

Раней сьцьвярджалася, што ў арганізацыі забойства падазраваны Руслан Мухудзінаў, які ад 2015 году ў міжнародным вышуку. Падазраваны — кіроўца намесьніка кіраўніка батальёну «Поўнач» Руслана Герамеева, якога іншы адвакат сям’і называў магчымым сапраўдным арганізатарам.

Больш на расейскай службе Свабоды: «Не только помнить, но и что-то делать». Акции памяти Бориса Немцова