З Цэнтральнага банку Вэнэсуэлы вывезьлі 8 тон золата, — Reuters

Нікаляс Мадура з вэнэсуэльскім золатам

Як мінімум восем тон золата забралі са сховішчаў вэнэсуэльскага Цэнтральнага банка на мінулым тыдні, паведамляе Reuters, спасылаючыся на апазыцыйнага заканадаўца і тры ўрадавыя крыніцы.

Паводле заканадаўца Анхеля Альварада і ўрадавых крыніц, золата было вывезена грузавікамі паміж 19 і 21 лютага, калі ў банку не было пастаянных ахоўнікаў і калі кіраўнік Цэнтральнага банку Калікста Артэга знаходзіўся за мяжой. Крыніцы, якія размаўлялі з Reuters на ўмовах ананімнасьці, не паведамілі, куды Цэнтральны банк адправіў золата.

«Яны плянуюць прадаваць яго за мяжой нелегальна», — сказаў Альварадо ў інтэрвію.

Цэнтральны банк Вэнэсуэлы не адказаў на запыты агенцтва аб камэнтары.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гуайдо: магчымыя «любыя меры», каб адхіліць Мадура ад улады

Паводле зьвестак банку, у 2018 годзе са сховішчаў Цэнтральнага банку было вывезена каля 20 тон залатога запасу, засталося 140 тон, што зьяўляецца самым нізкім паказьнікам за апошнія 75 гадоў.

Урад Нікаляса Мадура спрабуе вярнуць каля 31 тоны золата са сховішчаў Банка Англіі, баючыся, што яно можа быць замарожанае дзеяньнем міжнародных санкцый супраць Вэнэсуэлы. Міністар замежных спраў Вэнэсуэлы Хорхэ Арэаза заявіў на пасяджэньні ААН у Жэнэве, што Банк Англіі заблякаваў актывы ўраду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парлямэнт Вэнэсуэлы заявіў пра спробу вывезьці ў Расею 20 тон золата

Эканамічны каляпс і ўзмацненьне жорсткасьці санкцый супраць Вэнэсуэлы ўдарылі па дзяржаўных даходах і ўскладнілі доступ краіны да крэдытаў.

Урад Мадура зьвярнуўся да распродажу золата пасьля падзеньня здабычы нафты. Злучаныя Штаты, якія падтрымліваюць спробу лідэра апазыцыі Хуана Гуайдо прымусіць Мадура пайсьці ў адстаўку і прызначыць новыя выбары, перасьцераглі банкіраў і гандляроў ад заключэньня пагадненьняў аб куплі або продажы вэнэсуэльскага золата.

Што трэба ведаць пра крызіс у Вэнэсуэле

  • 23 студзеня 2019 году на фоне канстытуцыйнага і эканамічнага крызісу ў Вэнэсуэле старшыня парлямэнту Хуан Гуайдо абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам і прынёс прысягу на мітынгу апазыцыі ў Каракасе. Апазыцыя не прызнала вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2018 году, на якіх афіцыйна перамог дзейны прэзыдэнт Нікаляс Мадура.

Хто такі Хуан Гуайдо — новы лідэр апазыцыі Вэнэсуэлы, які абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам

  • Гуайдо прызналі законным прэзыдэнтам амаль усе краіны Лацінскай Амэрыкі (акрамя Балівіі і Кубы), ЗША, Аўстралія, Канада і Ізраіль. 31 студзеня «адзіным і законным часовым прэзыдэнтам» Вэнэсуэлы Гуайдо прызнаў Эўрапарлямэнт. Дзейнага прэзыдэнта Нікаляса Мадура лічаць легітымным Расея, Кітай, Куба і Мэксыка.
  • Беларускія ўлады заявілі, што «вэнэсуэльскі народ можа самастойна справіцца зь цяжкасьцямі, якія ўзьніклі, без ўмяшаньня звонку».
  • 26 сьнежня 2019 году легітымным прэзыдэнтам краіны Гуайдо прызнаў вайсковы аташэ Вэнэсуэлы ў Вашынгтоне палкоўнік Хасэ Луіс Сілва. Ён стаў першым высокапастаўленым вайскоўцам і дыпляматам рэспублікі, якія пайшлі на такі крок. Большая частка высокапастаўленых чыноўнікаў і вайскоўцаў захавалі ляяльнасьць Мадура. ​
  • 28 студзеня 2019 году ЗША ўвялі санкцыі супраць вэнэсуэльскай дзяржаўнай нафтавай кампаніі, каб узмацніць ціск на ўрад Мадура. Гуайдо заявіў, што бярэ кантроль над замежнымі актывамі Вэнэсуэлы, каб ня даць Мадура магчымасьці «спустошыць скарбонку».
  • У адказ Вярхоўны суд Вэнэсуэлы пачаў у дачыненьні да Гуайдо расьследваньне ў сувязі з «актамі гвалту, якія адбыліся ў краіне». Яму забаранілі выезд з Вэнэсуэлы і заблякавалі доступ да банкаўскіх рахункаў.
  • 29 студзеня Мадура заявіў у інтэрвію расейскім СМІ, што «гатовы сесьці за стол перамоваў з апазыцыяй». Аднак перамовы паміж ўрадам Вэнэсуэлы і апазыцыяй пачаліся толькі ў жніўні 2021 году, у Мэксыцы.
  • Эканамічны крызіс у Вэнэсуэле цягнецца з 2013 году, калі да ўлады прыйшоў Мадура. Па эканоміцы краіны моцна ўдарыла падзеньне цэнаў на нафту, але ўлады вінавацяць у праблемах ЗША. За першы прэзыдэнцкі тэрмін Мадура інфляцыя склала больш як 2 000 000 000% (перад дэнамінацыяй цэны вымяраліся ў мільёнах), валавы ўнутраны прадукт зьменшыўся на 45%, з краіны эмігравала 10% насельніцтва — каля 3 млн чалавек. Сярэдняя вага вэнэсуэльца праз праблемы з харчаваньнем зьменшылася на 11 кг.
  • Вэнэсуэльцы рэгулярна выходзілі на акцыі пратэсту, у якіх бралі ўдзел дзясяткі тысячаў, а часам і сотні тысячаў чалавек. Праходзілі ня толькі палітычныя пратэсты, але і галодныя бунты. У сутыкненьнях гінулі людзі, самым крывавым стаў 2017 год, калі былі зафіксаваныя сьмерці 164 чалавек.
  • У 2016 годзе парлямэнт запусьціў працэдуру імпічмэнту Мадура, але імпічмэнт заблякаваў Вярхоўны суд, які пазьней фармальна пазбавіў улады Нацыянальную асамблею. У 2017 годзе Мадура склікаў Канстытуцыйную асамблею як замену парлямэнту, але яе не прызнала вэнэсуэльская апазыцыя і большасьць краінаў сьвету.
  • У 2018 годзе Мадура афіцыйна перамог на датэрміновых прэзыдэнцкіх выбарах, інаўгурацыя на другі 6-гадовы тэрмін прайшла 10 студзеня. Вынікі не прызнала апазыцыя, якая байкатавала выбары і абвясьціла «маральную перамогу». Таксама вынікі выбараў не прызналі ЗША, Канада, Аўстралія і шэраг краінаў Лацінскай Амэрыкі.

Падрабязьней >>>