Арганізатары #БНР101 адказалі на забарону Лукашэнкі правесьці сьвяткаваньні на стадыёне «Дынама»

Сьвяткаваньне 100 год Беларускай Народнай Рэспублікі ля Опэрнага тэатру ў Менску, 25 сакавіка 2018

«Добрых пляцовак у Менску хапае». Арганізатары Дня Волі заявілі, што не пагодзяцца праводзіць сьвяткаваньні на плошчы Бангалор.

Што адбылося?

Падчас размовы з журналістамі 1 сакавіка Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «сьвяткаваньня БНР на „Дынама“ ня будзе», дадаўшы, што для правядзеньня «падобных акцый» існуе плошча Бангалор.

Што сказалі арганізатары?

У сацсетках #БНР101 зьявілася заява арганізатараў сьвяткаваньня. Яны пішуць, што рыхтуюць нацыянальнае сьвята, а не апазыцыйны мітынг ці палітычную акцыю, пра якія казаў Лукашэнка. Сьвяткаваньне адбудзецца ў любым выпадку, сьцьвярджаюць арганізатары.

«На Бангалор ніхто ня пойдзе, мы ніякіх мерапрыемстваў там не будзем арганізоўваць, бо гэта праклятае месца, калі казаць па-моднаму — зашквар», — заявіў адзін з арганізатараў #БНР101 Павел Белавус у інтэрвію Эўрарадыё.

Павел Белавус

Арганізатары заяўляюць, што вядуць перамовы з уладамі з восені 2018 году і наведалі кабінэты ад Менгарвыканкама да Адміністрацыі прэзыдэнта, а таксама гатовыя да далейшага дыялёгу.