Высокапастаўленых супрацоўнікаў МУС Узбэкістану панізілі да ўчастковых пасьля выступу прэзыдэнта

Ілюстрацыйнае фота

Кіраўніцтва Міністэрства ўнутраных спраў Узбэкістану перавяло 86% сваіх супрацоўнікаў на больш нізкія пасады пасьля вуснага ўказаньня прэзыдэнта Шаўката Мірзіёева, якое ён даў 10 студзеня.

Адзін з палкоўнікаў МУС Узбэкістану ў гутарцы з узбэцкай службай Радыё Свабода пацьвердзіў, што пачаў працаваць шараговым участковым інспэктарам у адным з раёнаў гораду Ташкенту. Паводле яго слоў, участковыя інспэктары ў асноўным штрафуюць жыхароў раёну, складаюць сьпісы грамадзян, выконваюць грамадзкія працы, даручаныя аксакаламі раёнаў. У сувязі з гэтым, кажа ён, ва ўчастковых няма часу на асноўную іх працу — прадухіляць злачынствы. Ён адправіў у рэдакцыю «сьпіс абавязкаў» інспэктараў. Паводле сьпісу, у лютым кожны старшы інспэктар павінен быў скласьці 20 актаў і спагнаць штрафы з жыхароў і зафіксаваць іх у сваіх рабочых сшытках.

«Участковыя інспэктары з вышэйшай юрыдычнай адукацыяй сталі хлопчыкамі на пабягушках для раённых аксакалаў, якія ня маюць нават дзесяціклясавай адукацыі. Супрацоўнікі міліцыі ператварыліся ў сабачак, якія бегаюць побач з раённымі аксакаламі. Я лічу, што кожны павінен займацца сваёй справай», — лічыць палкоўнік міліцыі.

Паводле яго слоў, замест належных 8 гадзін цяпер супрацоўнікі МУС працуюць па 18 гадзін у дзень: «Заробак складае менш за 400 долараў. Для нармальнага жыцьця ва Ўзбэкістане ў месяц трэба зарабляць 800 даляраў. А цяпер мы працуем цэлымі суткамі і залазім яшчэ ў даўгі».

У прэс-службе МУС паведамілі, што працаўнікоў міністэрства з вышэйшай адукацыяй прызначаюць радавымі ўчастковымі пасьля пастановы прэзыдэнта Шаўката Мірзіёева і даручэньні міністра ўнутраных спраў Пулата Бабаджанава. «Былі прыцягнутыя дасьведчаныя кадры для забесьпячэньня таго, каб участковыя інспэктары мелі вышэйшую юрыдычную адукацыю. Гэта ажыцьцяўляецца на падставе пастановы прэзыдэнта «Аб дадатковых мерах па павышэньні эфэктыўнасці забесьпячэньня грамадзкай бясьпекі», — удакладнілі ў МУС.

Там таксама пракамэнтавалі словы ўчастковага аб «грамадзкай нагрузцы» шараговых міліцыянтаў: «Мы і самі пастаянна паўтараем, што супрацоўнікі МУС не павінны прыцягвацца да грамадзкіх прац, якія не ўваходзяць у іх прамыя абавязкі. Але зь іншага боку, што дрэннага ў тым, што наш супрацоўнік з вышэйшай адукацыяй працуе шараговым участковым інспэктарам? Мы — афіцэры і на кожнай даручанай дзяржавай пасадзе павінны працаваць сумленна. Мы павінны зьвяртаць увагу не на ступень пасады, а на яе значнасьць».

Шаўкат Мірзіёеў

10 студзеня прэзыдэнт Мірзіёеў наведаў аддзел унутраных спраў Юнусабадзкага раёну Ташкенту, дзе раскрытыкаваў працу ўчастковых інспэктараў. У той жа дзень кіраўнік дзяржавы параіў «перавесці 86 адсоткаў супрацоўнікаў органаў унутраных спраў на больш нізкія пасады».

2 сакавіка ў час сустрэчы з актывістамі Наманганскай вобласьці прэзыдэнт раскрытыкаваў супрацоўнікаў органаў унутраных спраў з залішняй вагой і даў ім час для пахудзеньня. «Нам не патрэбны афіцэр, супрацоўнік органаў унутраных спраў з залішняй вагой. Як у такім стане ён зможа лавіць злачынцаў? Хай займаецца спортам. Гэта трэба не для мяне, а для іх здароўя. Мы дамо ім час: тры ці шэсьць месяцаў, хай за гэты час прывядуць сябе ў парадак і скінуць лішнюю вагу», — заявіў ён.