Памёр актор Уладзімір Этуш, які граў у камэдыях Гайдая «Каўкаская палоньніца» і «12 крэслаў»

Уладзімір Этуш, архіўнае фота

Вядомы савецкі і расейскі актор Уладзімір Этуш памёр у Маскве на 97 годзе жыцьця, паведамляе сайт часопіса «Тэатрал» і расейскія навінныя агенцтвы.

Уладзімір Этуш нарадзіўся 6 траўня 1922 году ў Маскве ў габрэйскай сям’і. Бацька будучага актора — Абрам Савельевіч Этуш, родам зь мястэчка Глуск Магілёўскай вобласьці.

У гады Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Этуш скончыў вайскова-перакладчыцкі факультэт Другога Маскоўскага пэдагагічнага інстытута замежных моваў, ваяваў на фронце ў званьні лейтэнанта адміністрацыйнай службы. У 1943 годзе быў цяжка паранены, атрымаў другую групу інваліднасьці. У 1945 годзе скончыў расейскую тэатральную вучэльню імя Шчукіна.

Больш за 70 год працаваў у трупе маскоўскага тэатра імя Яўгена Вахтангава.

У кіно пачаў здымацца ў 1953 годзе і першую ролю адыграў у гістарычнай карціне Міхаіла Рома «Адмірал Ушакоў». Найбольшую вядомасьць яму прынесьлі ролі ў камэдыях Леаніда Гайдая — ролі Саахава у «Каўкаскай палоньніцы», інжынэра Андрэя Брунса з экранізацыі «12 крэслаў» і стаматоляга Антона Сямёнавіча Шпака з карціны «Іван Васільевіч мяняе прафэсію», а таксама ролі ў фільмах «Прыгоды Бураціна», «Старая, старая казка», «Як Іванка-дурачок за цудам хадзіў».

У 1984 годзе атрымаў званьне народнага артыста СССР.

Уладальнік шматлікіх узнагародаў, у тым ліку ордэна Чырвонай Зоркі, ордэна Айчыннай вайны I ступені, «За заслугі перад Айчынай», ордэна Аляксандра Неўскага, прэміі «Залатая маска».