Прэзыдэнт Вэнэсуэлы Нікаляс Мадура заклікаў урад краіны пайсьці ў адстаўку для «поўнай рэструктурызацыі» кабінэта міністраў, каб «абараніць радзіму Балівара і Чавэса ад любой пагрозы».
Пра гэта напісала ў твітэры віцэ-прэзыдэнт Вэнэсуэлы Дэлсі Радрыгез. Сам Мадура пакуль не рабіў афіцыйных заяў.
El Pdte @NicolasMaduro ha solicitado a todo el Gabinete Ejecutivo poner sus cargos a la orden a los efectos de una reestructuración profunda de los métodos y funcionamiento del gobierno bolivariano para blindar la Patria de Bolívar y Chávez ante cualquier amenaza!
— Delcy Rodríguez (@DrodriguezVen) 17 marca 2019
Паводле апублікаваных 17 сакавіка дадзеных сацыялягічнага апытаньня, праведзенага вэнэсуэльскай кампаніяй Meganálisis, амаль 89 адсоткаў жыхароў Вэнэсуэлы выказаліся за тое, каб прэзыдэнт краіны і ўрад сышлі ў адстаўку.
Вэнэсуэла перажывае глыбокі палітычны і эканамічны крызыс. У 2018 годзе паказчык інфляцыі ў краіне перавысіў адзнаку аднаго мільёна адсоткаў, насельніцтва адчувае дэфіцыт харчаваньня і мэдыкамэнтаў. На мінулым тыдні некалькі дзён на большай частцы тэрыторыі краіны не было электрычнасьці з прычыны аварый на электрастанцыях.
Масавыя акцыі пратэсту ў Вэнэсуэле пачаліся ў канцы студзеня — адразу пасьля ўступленьня Нікаляса Мадура на пасаду кіраўніка дзяржавы на другі тэрмін. Тады ж кіраўнік парлямэнта Вэнэсуэлы Хуан Гуайдо абвясьціў сябе часова выконваючым абавязкі прэзыдэнта і запатрабаваў правядзеньня незалежных выбараў. Гуайдо падтрымалі ЗША, многія краіны Лацінскай Амэрыкі і большасьць краін Эўразьвяза. Дзеючага прэзыдэнта Нікаляса Мадуру лічаць легітымным Расея, Кітай, Куба і Мэксіка.