У Курапатах невядомыя павалілі адразу 14 крыжоў

Архіўнае фота

Чарговы факт вандалізму ў Курапатах зафіксавалі актывісты, якія пікетуюць рэстарацыю «Поедем поедим» каля народнага мэмарыялу.

«Сёньня ўбачылі, што паваленыя адразу 14 крыжоў, некаторыя з мэталічнымі ражкамі, — паведаміў сустаршыня БХД Павал Севярынец. — То бок гэта дакладна ня проста праходзілі ўздоўж і нагой пнулі старыя крыжы, а мэтанакіравана павалілі гэтак шмат».

Паводле Севярынца, паваленыя крыжы знаходзяцца кампактна ў двух месцах: паміж рэстарацыяй і мэмарыяльным знакам 6 крыжоў і яшчэ 8 — за крыжом-помнікам Вацлаву Ластоўскаму.

Павал Севярынец не выключае, што гэта была акцыя, скіраваная на паступовае зьнішчэньне ўсіх крыжоў на тэрыторыі Курапацкага лесу.

«Новы парадак — цяпер нават, каб адрамантаваць крыж, патрэбна ўзгадненьне зь мясцовымі ўладамі і міністэрствам культуры. Дык калі гэтак пойдзе — па 14 крыжоў зьнішчаюць адразу — хутка можа нічога і не застацца. Магчыма, гэта нас такім чынам правяраюць, ці не саступім», — сказаў Павал Севярынец.

Паводле актывістаў, у народным мэмарыяле больш за тысячу крыжоў. У лістападзе 2018 году ў Курапатах на ўзвышшы, празваным Галгофаю, усталявалі афіцыйны мэмарыяльны знак, які замовіла Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі, а кантралявала працы міністэрства культуры. Знак дагэтуль урачыста не адкрыты.

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.

Your browser doesn’t support HTML5

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі — асноўнае, што трэба ведаць

Чаму беларускі рэжым не прызнае сталінскія рэпрэсіі

Асноўнае пра Курапаты

Расстраляныя літаратары. Гісторыя 12 творцаў, забітых 80 год таму

Як унукі і праўнукі шукаюць зьвесткі пра рэпрэсаваных сваякоў

«Баюся ўлады, якая пачне забіваць». Стогадовая беларуска, асуджаная ў СССР за шпіянаж, распавядае пра рэпрэсіі

Картатэка Сталіна

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра Курапаты: каб дэманстрацыі з крыжамі там не было