Прэзыдэнт карпарацыі Boeing Дэніс Мюіленбург афіцыйна прызнаў, што прычынай катастрофы самалётаў «Boeing-737 MAX» у Інданэзіі і Этыёпіі ў апошнія месяцы стала некарэктная праца праграмнага забесьпячэньня.
Мюіленбург запісаў відэазварот, у якім выказаў спачуваньні блізкім пасажыраў і членаў экіпажа, якія загінулі на борце абодвух самалётаў. «Усе мы ў кампаніі адчуваем велізарную сур’ёзнасьць гэтых падзей», — сказаў прэзыдэнт Boeing. Спасылаючыся на апублікаваныя ў чацьвер дадзеныя папярэдняй справаздачы аб прычынах крушэньня самалёту ў Этыёпіі, Мюіленбург прызнаў, што у абодвух выпадках сыстэма, вядомая як MCAS, адыграла вырашальную ролю.
We at Boeing are sorry for the lives lost in the recent 737 accidents and are relentlessly focused on safety to ensure tragedies like this never happen again. Watch the full video here: https://t.co/kZawq35YnZ pic.twitter.com/G9uIHjxsWi
— Dennis A. Muilenburg (@BoeingCEO) April 4, 2019
Гаворка ідзе аб сыстэме, якая аўтаматычна перамыкае стабілізатар на пікіраваньне (апускае нос самалёта па кірунку да зямлі) у выпадку, калі атрымлівае сыгнал, што самалёт выходзіць на занадта вялікія вуглы атакі (падымае нос) і губляе хуткасьць. Абодва разы — у Інданэзіі і Этыёпіі — па папярэдніх дадзеных, зламаўся датчык, і сыстэма памылкова пачала сваю працу, накіраваўшы самалёт да зямлі. Пілёты спрабавалі яе адключыць, аднак не змаглі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьледзтва пацьвердзіла, што за крушэньне самалёта «Боінг-737 Макс» адказная электронікаПрэзыдэнт Boeing паабяцаў, што бліжэйшым часам у праграмнае забесьпячэньне самалётаў мадэлі 737 MAX будуць унесеныя зьмены. «Гэта абнаўленьне, нароўні з адпаведнымі навучальнымі матэрыяламі, якія атрымаюць пілёты, выключаць магчымасьць ненаўмыснай актывацыі сыстэмы MCAS», — гаворыцца ў звароце.
У «Боінгу» па ранейшаму ўпэўненыя ў бясьпецы гэтых самалётаў і пасьля абнаўленьня праграмнага забесьпячэньня спадзяюцца на тое, што будзе зьняты ўведзены зараз ва ўсіх краінах сьвету мараторый на іх палёты.
У выніку крушэньня самалёту кампаніі Ethiopian Airlines пасьля вылету з аэрапорту Адыс-Абебы 10 сакавіка загінулі 157 чалавек. У кастрычніку 2018 году такі ж самалёт разьбіўся ў Інданэзіі, загінулі 189 чалавек. Многія экспэрты амаль адразу зьвярнулі ўвагу на падабенства абедзьвюх катастроф. У «Боінгу» заклікалі да асьцярожнасьці з высновамі аж да публікацыі папярэдняй справаздачы.