«Сказалі, што я яго зварыла і зьела», — сям’я зьніклага хлопчыка абураная падазрэньнямі

Бабуля зьніклага Вані

Двухгадовы Ваня Валошын зьнік 10 красавіка ў берасьцейскай вёсцы Любашкі. У вёсцы сабраліся на пошукі больш за сотню валянтэраў. А шматлікая сям’я Валошыных кажа, што ўсе гэтыя дні «не вылазіць» зь міліцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьніклага тры дні таму Ваню Валошына знайшлі мёртвым

«Я табе сякеру дам, ты зможаш свайго ўнука засекчы?!!»

«Што мне думаць, што мне рабіць!», — плача Ніна Валошына, бабуля зьніклага Вані. — Сказалі ў міліцыі, што мой сын сваё дзіця забіў і закапаў. У міліцыі бутэлькай з вадой яго ўдарылі па галаве. Дык у мяне сын сам ледзьве сябе не забіў, што ў яго дзіця зьнікла. А на мяне міліцыянт учора кажа, што я свайго ўнука зварыла і зьела».

— Ну якое такое права ў іх ёсьць, як жа так можна?! — абураецца Іван Валошын.

Ніна і Іван Валошыны прыехалі ў Беларусь 28 гадоў таму з Валынскай вобласьці Ўкраіны. Паміж сабой размаўляюць па-ўкраінску. Зьніклага Ваню назвалі ў гонар дзеда Івана. Дзяцей у старэйшага Валошына — 14, чацьвёра ўжо жывуць асобна. Яшчэ дзесяць — у Любашках, пяцёра зь іх ходзяць у школу. У Івана Валошына 22 ўнукі.

«Міліцыя мяне ўчора забрала, кажа: а можа ты яго забіў, можа ты яго зарубаў. Я яму кажу: я табе сякеру дам, ты зможаш свайго ўнука засекчы?!», — у роспачы расказвае Іван Валошын.

Малодшыя Валошыны, у сям’і якіх зьнік Ваня, — 20-гадовы Віктар і 18-гадовая Алена — жывуць асобна, на іншым баку маленькіх Любашак. У іх саміх чацьвёра дзяцей. Ваня зь іх трэці.

Удзень суботы, па словах сваякоў, Віктар і Алена ізноў у міліцыі ў Камянцы.

У іхным доме поўна іншых сваякоў. Яны кажуць, што Ваня зьнік удзень. Гуляў на вуліцы, пакуль маці прыбіралася ў доме. Нейкі час сям’я лічыла, што хлопчык пад наглядам. А калі высьветлілася, што ён зьнік, сталі шукаць усе разам.

«Я ўдзень у агародзе быў, бачыў, яны гулялі, рабілі нешта, — кажа сусед малодшых Валошыных. — А ўвечары ўжо крыкі нейкія, вагні, зразумеў, што здарылася нешта». Ён кажа, што за дзецьмі Валошыны глядзяць. «А Віцька харошы мужык, — характарызуе бацьку зьніклага Вані сусед. — Ня п’е, дапамагае мне, бывае».

Пошукі ў пустых дамах

«Бог, дапамажы мне ўнука знайсьці»

Любашкі — вёска на рэдкасьць закінутая і занядбаная, тут рэдка які жылы дом адрозьніш ад нежылога. Але дзейнічае гаспадарка, у якой працуюць і бацька зьніклага Вані, і ягоны дзед.

У суботу 13 красавіка ў Любашках надзвычай шмат людзей. Сьледчы камітэт павыклікаў гаспадароў дамоў на сьледчыя дзеяньні.

Прыяжджаюць нават з абласнога Берасьця. Сваіх жыхароў тут засталося, кажуць, 6 чалавек. І яшчэ 8 вялікіх цыганскіх сем’яў.

«Праславіліся нашыя Любашкі», — горка кажуць вяскоўцы.

У хатцы старэйшых Валошыных жыве 16 чалавек.

«Я прасіў: міленькія, дайце мне якую дапамогу, кватэрку. У мяне 14 дзяцей. Я працую ў калгасе, 300 рублёў атрымліваю. Гэта ж хіба грошы», — кажа Іван Валошын. — Усё хачу таму Лукашэнку ліст напісаць, як мне зь дзецьмі пражыць, каб ён зразумеў, як мы тут жывем».

Дом зьніклага хлопчыка

Падчас нашай размовы зь ягонае хаты выходзіць дырэктарка школы, у якой вучацца яго дзеці. Яе выклікалі на сьледчыя дзеяньні.

«Нічога адмоўнага пра гэтую сям’ю сказаць не магу», — адказвае яна на нашую просьбу ахарактарызаваць сям’ю. — Алена і Віктар (бацькі зьніклага Вані. — РС) таксама ў нас вучыліся».

Ніна Валошына сваімі дзецьмі ганарыцца. Кажа, што міліцыя падазрае кожнага, і гэта яе і раніць, і абурае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як у вёсцы Любашкі сотня валянтэраў шукае 2-гадовага Ваню. ФОТА

«Яны ж у мяне дапамагаюць адно аднаму, працуюць адно на аднаго. Брат бяз брата есьці ня сядзе, я ж іх вучыла так!» — плача Ніна. — Я ўчора казала ў міліцыі: бярыце мяне, надзявайце кайданы, не чапайце дзяцей маіх!».

Сьледчы ля дома дзядулі і бабулі зьніклага хлопчыка

Зьніклага Ваню, пераконваюць бабуля і дзядуля, глядзелі добра.

«А ён разуменьнькі, сьветленькі такі. Два гадочкі, а ўсё кажа: і „бабуля“, і „дзядуля“».

«Можа зьехаў, можа скралі яго», — разважае Іван. Яны ўжо зьвярталася да варажбіткі. І малыя, і маладыя, і старэйшыя вераць, што варажба можа дапамагчы. Тая запэўніла, што дзіця жывое і папрасіла, паводле Івана, тысячы даляраў. Гэтаксама вераць, што дзіця маглі скрасьці.

«А вы ў тэлевізары паглядзіце, колькі крадуць дзяцей! І на органы крадуць!» — запэўніваюць сваячкі.

«Я ўначы на фэрмы хаджу, правяраю, каб жывёлу ня кралі. Стану на калена і кажу: „Божа, дапамажы мне ўнука знайсьці!“ Я б яго сабе ў хату схаваў, а пасьля да сына пабег бы. Іду назад, думаю, можа дзе крыкне, можа заплача», — кажа Іван Валошын.

Суседзі

У вёсцы Любашкі ўжо другі дзень працуе пошукавы атрад «Анёл». „Ніякіх зачэпак. Нічога не знайшлі“, — кажа каардынатарка пошуку Крысьціна Крук. У першай палове дня суботы ў пошуках удзельнічалі 93 валянтэры.

«Да 150 чалавек мы дакладна зьбяром. Працуе 12 пошукавых групаў. Аглядаюць паўторна вёску, дзе зьнік наш Іван, паглыблена, да сантымэтра», — расказвае Крысьціна. — Але да вечара мы пашырымся. Ясна, што дзіця маленькае, не магло так далёка адысьці, але мо зьявіцца нейкі сьведка, удасца нешта ўстанавіць. Можа хтосьці бачыў хлопчыка».

«Працуем дакладна да цемры, да перамогі», — кажа Крысьціна.
Кіраўнік пошукавага атраду «Анёл» Сяргей Коўган запэўнівае, што лягер для пошукаў добра абсталяваны: разгорнутая палявая кухня для гарачага харчаваньня, дзяжурыць мэдык. Уся інфармацыя апэратыўна зьбіраецца ў штабе.

«У нас усё згодна з плянамі. Абсьледуецца тэрыторыя, працуюць падрыхтаваныя людзі, выкарыстоўваюць абсталяваньне, якое запісвае рух пошукавай групы. Усю нашу інфармацыю перадамо супрацоўнікам СК і МНС», — кажа Сяргей.

На пошукі прыяжджаюць і з суседніх вёсак. У суботу супрацоўнікі МНС асушалі ў вёсцы студні, каб праверыць, ці ня ўпала туды дзіця. На месцы працуюць супрацоўнікі Сьледчага камітэту. Па факце зьнікненьня Івана Валошына заведзеная крымінальная справа.