Міністар сельскай гаспадаркі паедзе ў Маскву абмяркоўваць расейскія санкцыі

Грушы разладу

Забарона на пастаўкі зь Беларусі ў Расею яблыкаў і груш будзе абмяркоўвацца падчас сустрэч кіраўнікоў аграрных ведамстваў дзьвюх краін, паведамляе «Інтэрфакс».

У прэсавай службе Міністэрства сельскай гаспадаркі Расеі гэтую інфармацыю пацьвердзілі: у Маскву для сустрэчы зь міністрам сельскай гаспадаркі Расеі Дзьмітрыем Патрушавым прыбывае новы кіраўнік Мінсельгасхарчу Беларусі Анатоль Хацько.

«Так, сустрэча заплянаваная. У значнай ступені яна будзе насіць азнаямленчы характар, але праблема паставак яблыкаў і груш можа быць закранутая», — сказалі ў расейскім ведамстве.

Рассельгаснагляд з 12 красавіка забараніў увоз яблыкаў і груш зь Беларусі, бо не выключае, што пад выглядам беларускай прадукцыі можа пастаўляцца прадукцыя з санкцыйных краінаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі беларускіх прадуктаў забракавалі ў Расеі ў 2019 годзе
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея пагражае забараніць шампіньёны і трускалкі зь Беларусі. Колькі на гэтым страціць Менск

Такое рашэньне выклікала эмацыйную рэакцыю з боку Аляксандра Лукашэнкі. Падобныя захады ён назваў «санкцыямі» і «выкручваньнем рук», а таксама заявіў пра магчымасьць пачатку рамонту нафтаправоду «Дружба».

Рассельгаснагляд таксама паведамляў, што не выключае ўвядзеньня абмежаваньняў на ўвоз трускалак, пэкінскай капусты і шампіньёнаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вайна паміж саюзьнікамі. Лукашэнка пагражае прыпыніць транзыт расейскай нафты