У Туркмэністане затапіла сталіцу і некалькі гарадоў. СМІ: «Пах дажджу супакойвае»

Ашгабат.

У Туркмэністане ўжо тыдзень працягваюцца праліўныя дажджы. 13 красавіка сталіцу краіны Ашгабад пасьля залевы затапілі гразевыя патокі: вуліцы ператварыліся ў рэкі, быў спынены рух транспарту і цягнікоў, затапіла падвалы і падземныя пераходы. У наступныя дні тая ж сытуацыя паўтарылася яшчэ ў некалькіх гарадах на захадзе і паўднёвым усходзе краіны, паведамляе туркмэнская служба Свабоды.

Залевы прывялі да таго, што некалькі раёнаў Ашгабату былі затопленыя гразевымі патокамі. Жыхары верхніх паверхаў скардзіліся на тое, што са столі і праз адтуліны для мацаваньня люстраў у кватэры з дахаў лілася вада, а жыхары ніжніх паверхаў скардзіліся на фантаны, якія білі з зьліўных адтулін унітазаў і душавых. У многіх дамах затапіла падвалы, зь якіх людзі гадзінамі вычэрпвалі ваду, паведамляе Настоящее время.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Туркмэністану яшчэ раз абвясьціў прыватызацыю і паварот да рынкавай эканомікі

Праліўныя дажджы ў Туркмэністане працягваюцца зь сярэдзіны сакавіка, яны ўжо выклікалі паводкі і селі ў гарадах і пасёлках на ўсёй тэрыторыі Туркмэністану, але ў красавіку сытуацыя пагоршылася. Кіраўніцтва краіны і дзяржаўныя СМІ працягваюць хаваць маштабы праблемы і мала што распавядаюць у рэпартажах пра наступствы паводак. А адзін з праўладных туркмэнскіх сайтаў прапанаваў знайсьці ў дажджах «сваю карысьць».

«Даказана, што пах дажджу аказвае заспакаяльнае ўзьдзеяньне на людзей; Вы спальваеце больш калёрый падчас актыўнага адпачынку, калі ідзе дождж; вільготнасьць робіць вашу скуру здаровай, чыстай і сьвежай; паветра менш забруджанае падчас дажджу», паведаміла выданьне.