Які дзень дзяржаўнасьці нам патрэбны

Людзі перад Домам ураду, 24 жніўня 1991 г.

Дэпутат і гісторык Ігар Марзалюк прапанаваў абвясьціць 5 чэрвеня (дзень памяці Эўфрасіньні Полацкай) Днём беларускай дзяржаўнасьці.

Сьцісла

  • Рэспубліка Беларусь зрабілася незалежнай дзяржавай 24 жніўня 1991-га
  • Беларусь ці не адзіная краіна, якая не адзначае такі дзень як дзяржаўнае сьвята
  • Замоўчваньне сапраўднай гісторыі здабыцьця незалежнасьці – у асабістых палітычных інтарэсах Лукашэнкі
  • У дэмакратычнай Беларусі дзяржаўныя сьвяты павінны адлюстроўваць няпросты шлях станаўленьня дзяржаўнасьці

Пры ўсёй павазе да сьвятой Эўфрасіньні, да беларускай дзяржаўнасьці 5 чэрвеня а мае такое ж дачыненьне, як цяперашні «Дзень незалежнасьці» (вызваленьне Менску ў 1994 годзе ад нацысцкіх акупантаў) – да абвяшчэньня незалежнасьці.

Калі казаць пра сучасную дзяржаву, дык незалежнасьць Беларусі (па ўсіх прававых канонах) была абвешчаная 25 жніўня 1991 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Незалежнасьць і адраджэньне: лідэры БНФ розных часоў падводзяць вынікі

У дыскусіі ў сацыяльных сетках прачытаў меркаваньне, што што гэты дзень ня мае шанцаў быць дзяржаўным сьвятам у будучай Беларусі (пра сёньняшнюю гаворку не ідзе), паколькі ў дакумэнтах, прынятых у той дзень Вярхоўным Саветам пад ціскам парлямэнцкай Апазыцыі БНФ і Плошчы, слова «незалежнасьць» нідзе ня ўзгадваецца.

Можна было б адмахнуцца ад такога аргумэнту як ад пэдантычнай прыдзіркі, прывесьці паралелі зь іншымі краінамі – скажам, прынятая 3 ліпеня 1776 г. на паўночна-амэрыканскім кантынэнце Дэклярацыя, калі ўжо корпацца ў словах, абвяшчала толькі незалежнасьць штатаў, а ніяк не ўтварэньне асобнай дзяржавы, але ў ЗША гэты дзень сьвяткуюць менавіта як дзень незалежнасьці дзяржавы.

Але справа ў тым, што адсутнасьць гэтага слова адлюстоўвае асаблівасьці таго, як здабывалася незалежнасьць Беларусі, і пра якія пакаленьне, якое, кажучы словамі Лукашэнкі, нарадзілася ўжо ў незалежнай Беларусі, можа і ня ведаць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як у 91-м дамагліся Незалежнасьці

Увогуле, у розных краінах гэты працэс ішоўне аднолькава, і прыклад Беларусі можа быць унікальным.Бо калі нехта дэталёва пажадае азнаёміцца з працэсам абвяшчэньня незалежнасьці Рэспублікі Беларусь, ён ні ў якім заканадаўчым акце слова "незалежнасьць" не пабачыць. Ні ў Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце, прынятай 27 ліпеня 1990 (у якой казалася пра новы «Саюзны дагавор», ні ў рашэньні аб наданьні Дэклярацыі статусу канстытуцыйнай сілы (што і было абвяшчэньнем незалежнасьці дэ-юрэ), ні ў дакумэнце аб ратыфікацыі Белавескіх пагадненьняў 10 сьнежня 1991 (што пазбавіла краіну ад апошніх ланцугоў імпэрыі), ні ў прынятай 15 сакавіка 1994 Канстытуцыі (якая аформіла незалежнасьць Асноўным законам).

Галоўная прычына – большасьць дэпутатаў ВС-12, абраных яшчэ ў камуністычныя часы, сьвядома ці падсьвядома, імкнуліся ўнікнуць слова «незалежнасьць».

Але гэта --прычына лічыць, што незалежнасьць Беларусі абвешчаная не была.

Газэта Звязда, 27 жніўня 1991 г.

Дзень 25 жніўня 1991 быў днём спраўджаньня спрадвечнай мары беларускага народа пра сваю незалежную дзяржаву – якая, як паказаў час, нягледзячы на ўсе намаганьні яе праціўнікаў, трымаецца вось ужо больш як 27 гадоў. Так, у немалой ступені гэты было і вынікам зьнешніх абставінаў (гарбачоўскай перабудовы, «вясны народаў» ва Ўсходняй Эўропе», правалу імпэрскага путчу ў Маскве), але без намаганьняў па-незалежніцку арыентаваных палітыкаў, тысячаў людзей, што прыходзілі ў дні сэсіі да Дому ўраду, а глыбей паглядзець – без падрыхтоўкі грамадзкай думкі нацыянальнай інтэлігенцыяй, без ідэі, якая падтрымлівалася дзесяцігодзьдзямі патрыётамі Бацькаўшчыны (нават калі за гэта пагражалі 25 гадоў ГУЛАГу ці альбо расстрэл) – без усяго гэтага незалежнай Беларусі не было б.

Зрэшты, а што такое палітычны посьпех, як не ўдалае выкарыстаньне спалучэньня спрыяльных зьнешніх абставінаў і ўнутраных фактараў?

24 жніўня 1991 г. Пачатак Сэсіі Незалежнасьці. Гаворыць Зянон Пазьняк. Побач Валянцін Голубеў; са сьцягам Вольга Галубовіч.

Так, былі спрыяльныя зьнешнія ўмовы, але найперш былі высілкі саміх беларусаў. Упартае замоўчваньне жніўня 1991 года афіцыйнай прапагандай і гістарыяграфіяй цалкам лягічнае: Лукашэнку палітычна невыгодна прызнаваць значнасьць тых падзеяў, бо галоўную ролю адыгралі ў іх ня ён, а ягоныя палітычныя апанэнты. Але такое стаўленьне, так ці інакш на руку і тым, хто ўвогуле адмаўляе беларускаму народу ў здольнасьці самастойна вырашаць свой лёс («незалежнасьць вам упала на галаву», "незалежнасьць прывёз Ельцын з Масквы", "без Расеі вы - ніхто").

І замаўчаць гэтую падзею, не зафіксаваўшы яе дзяржаўным сьвятам – азначала б выкрасьліць з беларускай гісторыі найважнейшую яе старонку. Увогуле, мне невядомая ніводная дзяржава, якая дзень здабыцьця незалежнасьці не лічыла б сьвятам.

А як жа быць з Днём Волі, з абвяшчэньнем незалежнасьці БНР 25 сакавіка 1918 года? Гэта – найважнейшыя падзея ў беларускай гісторыі ХХ стагодзьдзя, нягледзячы на тое, што пратрывала рэспубліка зусім нядоўга.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рада БНР узнагародзіла мэдалямі амэрыканскіх дыпляматаў і беларускіх дзеячоў замежжа

Праўда, у суседзяў, ва Ўкраіне дзень абвяшчэньня незалежнасьці УНР у якасьці дзяржаўнага сьвята не адзначаецца, днём незалежнасьці сьвяткуюць у дзень яе абвяшчэньня дэ-юрэ ў 1991 годзе (24 жніўня, на дзень раней, чым тое адбылося ў Беларусі). Да 1992 года Днём Неззалежнасьці лічылася прыняцьце Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце (16 ліпеня 1990), як і ў Беларусі да 1996 году.

І тут нам добры прыклад іншых нашых суседзяў – скажам, у Літве адзначаюць дзьве даты – Дзень аднаўленьня літоўскай дзяржавы ( 1918) і Дзень аднаўленьня незалежнасьці Літвы (1990).

Падаецца, у Беларусі было б лягічна, акрамя датаў абвяшчэньня незалежнасьці БНР і абвяшчэньня незалежнасьці Рэспублікі Беларусь, адзначаць яшчэ і дзень прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце (27 ліпеня 1990), хаця гэта не было абвяшчэньнем незалежнасьці дэ-юрэ, а сувэрэнітэт і раней дэкляраваўся ў Канстытуцыі БССР. Гэта адлюстроўвала б няпросты шлях беларускага народа да здабыцьця дзяржаўнай самастойнасьці – як у ЗША сьвяты ў нагадваюць пра пазбаўленьне ад расавай дыскрымінацыі (што для Беларусі ніколі актуальным не было).

Ну а як называць гэтыя сьвяты – вырашаць будучаму парлямэнту будучай дэмакратычнай Беларусі.