Экспэрты ІПМ: нафтавы канфлікт з Расеяй станоўча паўплывае на эканоміку Беларусі

Экспэрты Дасьледчага цэнтру «Інстытут прыватызацыі і мэнэджмэнту» (ІПМ) прэзэнтавалі сярэднетэрміновы прагноз для эканомікі Беларусі з улікам расейска-беларускага нафтавага канфлікту.

Асэнсаваньне новай рэальнасьці

Аналітыкі ІПМ лічаць: сытуацыя, якая апошнім часам склалася з пастаўкамі расейскай нафты ў Беларусь і пэрспэктывай расейскага падатковага манэўру, дасьць станоўчы эфэкт для беларускай эканомікі. На думку дырэктара Дасьледчага цэнтру ІПМ Аляксандра Чубрыка, гэта падштурхне да таго, каб рэальна задумацца пра дывэрсыфікацыю паставак вуглевадародаў.

Аляксандар Чубрык

«На мой погляд, уся гэтая сытуацыя, уключна з падатковым манэўрам, робіць на эканоміку Беларусі абсалютна станоўчы ўплыў, — кажа Чубрык. — Ужо хоць бы таму, што мы пачынаем перабудоўвацца, прыходзіць асэнсаваньне новай рэальнасьці, якую прадракалі аналітыкі і якая нарэшце нас наганяе. Гэтая нармальнасьць — найперш адсутнасьць энэргетычных субсыдый, грошай у бюджэт празь „перамытненьне“ (рас. „перетаможка“: частку расейскай нафты Беларусь магла прадаваць, залічваючы мыта ў свой бюджэт. — РС), праз мыта для Беларусі».

Ці варта чакаць краху эканомікі

Аляксандар Чубрык кажа, што ня трэба сьлепа верыць «страшылкам» расейскіх аналітыкаў, якія прадракаюць крах беларускай эканомікі, калі яе пазбавіць танных расейскіх энэрганосьбітаў.

«Апошнім часам вельмі шмат спэкуляцый, у тым ліку вакол абʼёмаў і цаны. Ну вазьмі і прадай проста зараз 20 мільёнаў тон нафты! Вядома, усясьветны рынак неабсяжны, але ж трэба мець на ўвазе прапускную здольнасьць нафтаправодаў, загрузку чыгункі, тут маса нюансаў. Таму ўзьнікае пытаньне таго, як дакладна ацаніць памер расейскай падтрымкі эканомікі Беларусі праз цэны на энэрганосьбіты. Як і любую ацэнку, яе можна ставіць пад сумнеў», — кажа Аляксандар Чубрык.

Навуковы дырэктар Дасьледчага цэнтру ІПМ Ірына Тачыцкая апошняе беларуска-расейскае нафтавае супрацьстаяньне ня лічыць нечым унікальным:

«Гэта перажылі многія краіны, якія ў крытычныя моманты зразумелі: настаў час мяняць самі эканамічныя асновы. Я супраць таго, каб разглядаць падатковы манэўр і ўсё, што адбываецца ў нафтавай сфэры, як пагрозу глыбокай рэцэсіі, поўны мінус. Не. Гэта добрая магчымасьць для нашых уладаў задумацца і наконт структуры эканомікі, якую мы сёньня маем, і пра зьмены, якія неабходна праводзіць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менш, чым на каровах. Колькі Беларусь зарабляе на транзыце расейскай нафты

Пэрспэктывы для Беларусі

Аляксандар Чубрык прызнаў, што ўрад і Нацбанк Беларусі апошнім часам робяць немалыя высілкі для стабілізацыі сытуацыі, найперш у адным з самых надзённых пытаньняў для насельніцтва — інфляцыі.

«У Беларусі інфляцыя шмат у чым залежыць ад дынамікі рэгуляваных цэнаў — найперш камунальных плацяжоў, цэнаў на паліва і г. д. Нацыянальны банк прагназуе інфляцыю 5% па выніках году, але пры ўмове, што ня будзе шокаў з боку расейскага рубля, бо гэта можа істотна адкарэктаваць паказьнік».

ІПМ прагназуе інфляцыю па выніках 2019 году ў памеры 5,5-6%. Што тычыцца дынамікі заробкаў, то пры такім раскладзе іх рост чакаецца досыць умераны, ня болей за 3%.

Асноўнымі рызыкамі для Беларусі, на думку Аляксандра Чубрыка, застаюцца неўрэгуляваныя рознагалосьсі наконт паставак нафты і газу з Расеі і глябальныя рызыкі, якія могуць паўплываць на абменны курс, інфляцыю і рэальны ВУП — як наўпрост, так і праз вонкавыя шокі, найперш з Расеі.

Няўдзячная місія прагнозаў

Хоць доўгатэрміновы макраэканамічны прагноз і будзе залежаць ад перамоваў на нафтавым фронце, як адзначыў старшыня Назіральнай рады Дасьледчага цэнтру ІПМ Ігар Пеліпась, эканамічная сытуацыя залежыць ад многіх фактараў.

Ігар Пеліпась

«Прагназаваць можна па-рознаму — часта варожаць з курсам рубля на канец году. За гэтым часта няма ніякай сыстэмы, хоць і ня значыць, што ўгадаць немагчыма. Альбо на аснове простых назіраньняў можна сказаць, што празь месяц у Беларусі бэнзін будзе каштаваць на 2-3 капейкі даражэй, бо цяпер такая тэндэнцыя. Нешта падобнае адбываецца і ў глябальным эканамічным аналізе: недзе мадэлююць тэарэтычныя сцэнары, недзе адштурхоўваюцца ад прадказальных фактаў», — сказаў Ігар Пеліпась.

Паколькі Беларусь залежыць ад сытуацыі на сыравінных і гандлёвых рынках, заўсёды задаецца набор перадумоваў, здольных паўплываць на эканамічную сытуацыю. І чым больш прагноз расьцягнуты ў часе (сярэдне- і доўгатэрміновы), тым часьцей там фігуруе «плюс-мінус».

У сьвеце набліжаецца рэцэсія

Былы аналітык Нацыянальнага банку Беларусі, пазаштатны навуковы супрацоўнік Дасьледчага цэнтру ІПМ Міхаіл Дземідзенка расказаў пра нэгатыўныя тэндэнцыі ў усясьветнай эканоміцы.

Міхаіл Дземідзенка

«Усё сьведчыць на тое, што набліжаецца ўсясьветная рэцэсія: запаволілася эканамічная актыўнасьць, узьнікае напружанасьць у гандлі, зьніжаюцца фінансавыя індэксы. Рычагоў стымуляваньня асабліва няма. Істотна запавольваецца эканамічны рост у Кітаі, праз палітычныя супярэчнасьці неакрэсьленая сытуацыя ў Эўропе. Прагнозы не трагічныя, аднак калі глябальныя працэсы закрануць Расею, якая працяглы час знаходзіцца пад санкцыямі, аўтаматычна гэта перакінецца і на Беларусь», — адзначыў ён.

Паводле Дземідзенкі, курс расейскага рубля, на які арыентуецца эканоміка Беларусі, можа істотна зьмяняцца на адных толькі заявах Захаду пра ўзмацненьне ці пашырэньне санкцый. І гэта рызыка, якую трэба мець на ўвазе. Плюс нявызначанасьць у стасунках Расеі з Украінай, наступствы для крамлёўскіх алігархаў ад Брэкзыту, міжнароднае асуджэньне за ўмяшаньне ў справы Вэнэсуэлы і Сырыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Раней Менск вырашаў пытаньні наўпрост з Крамлём. А цяпер Масква кажа: «Размаўляйце з Бабічам»